"Я хачу жыць у Бучы": валанцёрка з Беларусі б'ецца за права дапамагаць Украіне

07/07/2022 - 15:12
"Не трэба шкадаваць беларусаў. Пашкадуйце сваіх людзей, якім мы дапамагаем" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларуска Карына Пацёмкіна вярнулася ў Бучу ў тыя дні, калі фатаграфіі з мястэчка публікавалі ўсе сусветныя СМІ. Вярнулася адной з першых. Яна вярнулася ў Бучу, калі там яшчэ не было ні святла, ні вады, ні газу. Нічога.

— Я прыехала свядома ва ўмовы, у якіх немагчыма жыць. У якія нармальныя людзі не вярталіся б.

І рада Бучы ведае, колькі Карына зрабіла для мясцовых жыхароў. А міграцыйная служба Украіны гэтага не ведае, адмаўляецца прыняць дакументы Карыны на афармленне часовага ВНЖ. І просіць яе з'ехаць з Украіны на працягу тыдня.

У пашпарце ў Карыны — польская віза. Але яна не хоча з'язджаць у Польшчу і не можа вярнуцца ў Беларусь. Яна хоча застацца ў Бучы — і працягваць дапамагаць Украіне.

 

Што Карына зрабіла для Украіны: "Я людзей за ручку вадзіла, таму што мне іх шкада"

Як толькі бучанская рада адчыніла дзверы, Карына пайшла валанцёркай. Проста села за стол і рабіла тое, што ёй казалі. За першы тыдзень пасля вызвалення Бучы праз Карыну прайшло тры тысячы чалавек.

— Людзі прыходзілі ў жаху. Падавалі заяўкі на вышук зніклых без вестак. Расказвалі страшныя гісторыі. Бабулі расказвалі: забілі сына. Расказвалі, дзе забітыя закапаныя. Гэта немагчыма проста апісаць словамі. Першыя паўтара тыдні мы фактычна валанцёрылі як псіхолагі.

Карына і бучанцы / фота з асабістага архіва Карыны Пацёмкінай

Потым прыехаў Чырвоны Крыж. Яны рэгістравалі заявы на грашовую дапамогу ад бучанцаў. Людзей шмат, аператараў Чырвонага Крыжа мала. Гэтыя людзі стаяць натоўпам перад радай. Неймаверная колькасць. Я за тыдзень праз сябе прапусціла 3000 чалавек на рэгістрацыю. Проста кожную раніцу выходзіла на парог са спісамі і выклікала: нумар такі і такі.

Людзі ў жаху, людзі напалоханыя, людзі забываюць дома дакументы. Я іх за ручку вадзіла на рэгістрацыю, таму што мне іх шкада. На пажылых людзей цяжэй за ўсё было глядзець.

Калі з'явіліся святло і мабільная сувязь, працаваць стала лягчэй. А людзям лягчэй не стала.

— Натуральна, засталася куча завалаў, якія трэба разбіраць. Кудысьці трэба выклікаць хуткую, кудысьці — сапёраў.

Людзей, гатовых бясплатна дапамагаць, на самай справе не так і шмат. Нядаўна жанчына тэлефануе — яны з сынам праседзелі пад такім жудасным абстрэлам, — тэлефануе, кажа: Карына, нам трэба ўжо каля склепа разграбаць. Ты можаш хлопцаў сваіх папрасіць, каб яны прыехалі? Мы ім абед зварым, грошай на маршрутку дамо, толькі прыедзьце.

Яна тэлефануе мне, таму што ведае мяне, ведае, што я дапамагу. І што мне ёй сказаць? Што я схадзіла ў Дэпартамент міграцыйнай службы — і ледзь не з'ехала ў Польшчу?

 

"Калі чалавек дапамагае, навошта яго выганяць?"

Не, у Карыны не змянілася стаўленне да ўкраінцаў. Яна лепш за шмат каго разумее, што яны перажылі. І ўпэўненая, што разумее гэта лепш за шмат каго з супрацоўнікаў ДМС.

— У мяне не можа памяняцца стаўленне да ўкраінцаў. Такога трэшу, які яны перажылі, я не чытала нават у кніжках пра вайну.

Часам, расчышчаючы завалы, валанцёры натыкаліся на снарады, якія не разарваліся / фота з асабістага архіва Карыны Пацёмкінай

Але я ўпэўненая, што палова супрацоўнікаў ДМС паняцця не маюць, што такое быць пад абстрэлам, што такое эвакуявацца. Паняцця не маюць, як гэта — калі бабулька расказвае, колькі яна трупаў бачыла і як яе знаёмых застрэлілі. Гэта страшна, гэта вельмі страшна, паверце.

Але так, у мяне ёсць прэтэнзіі да людзей, якія без разбору выдвараюць беларусаў з краіны. Трэба ж разбірацца, што гэта за чалавек. Калі ён вам дапамагае, то навошта яго выдвараць? Я не разумею. Тут не так шмат людзей, гатовых дапамагаць рэальна, а не проста фоткі ў фэйсбуку посціць. Я ні пра адну гісторыю не напісала ў сацсетках, таму што ў мяне рука не падымаецца.

Якімі словамі я магу расказваць гісторыю чалавека, які за тыдзень да вайны купіў кватэру ў Бучы? Які трапіў у палон і якому расіяне прастрэлілі нагу? Ён, бедны, нават не ведае, па якім адрасе знаходзіўся. Потым прыйшоў рускі камандзір і сказаў гэтым салдатам: вы што, хворыя, навошта вы гэтых людзей мучыце? Гэта ж простыя цывільныя людзі!

Як расказаць, што гэты мужчына, 45 гадоў, сядзіць перада мной і плача?

Буча вачыма Карыны Пацёмкінай / фота з асабістага архіва Карыны Пацёмкінай

Што Карыне пагражае ў Беларусі

Калі мы пытаемся Карыну пра тое, што ёй пагражае ў Беларусі, яна пачынае смяяцца.

— Праўладныя беларускія каналы тыпу "Жоўтых сліў" дагэтуль пішуць пра мяне. Ёсць такі мясцовы салігорскі паблік, які цкаваў мяне, калі я яшчэ жыла ў Беларусі. Змагарка, алкагалічка.

Я паехала ва Украіну, пасялілася ў Бучы. Яны працягвалі мяне цкаваць. Пісалі, што працую на СБУ. Уяўляю, што будуць там пісаць цяпер, калі даведаюцца, што ўкраінцы не хочуць даваць мне ВНЖ.

Што мне пагражае ў Беларусі? Што хочаце. Абраза прэзідэнта? Тэрарызм? Хоць уся мая "віна" ў тым, што я пісала лісты палітвязням, публікавала іх анлайн, каб заклікаць людзей рабіць тое самае — паўкраіны сядзіць.

Але Карыну не вышлюць у Беларусь. У яе ў пашпарце — польская віза. Яна даўно магла б з'ехаць з Украіны ў Польшчу. Але яна хоча ў Бучу. Цяпер Буча — яе дом, і Карына хоча дадому.

— Супрацоўніца ДМС кажа мне: вам жа не абавязкова ў Беларусь ехаць. Калі вам там нешта пагражае, можаце ехаць у любую трэцюю краіну.

Карына і жыхары Бучы / фота з асабістага архіва Карыны Пацёмкінай

Але чаму я павінна з'язджаць? Калі я прыехала ў Бучу пасля акупацыі, калі я зайшла ў гэтую сваю кватэру наёмную, я проста расплакалася. Калі я хадзіла па Львове, я адчувала сябе не ў сваёй талерцы. А калі прыехала ў Бучу, я была такая шчаслівая. Без святла, без газу, без вады і мабільнай сувязі. І тут мне кажуць, што я павінна кудысьці выехаць. Я не хачу з'язджаць. Я хачу жыць у Бучы.
 

Як Карына спрабавала атрымаць ВНЖ

Месяц таму адвакат Карыны адправіў запыт, у якім гаварылася, што яна мае патрэбу ў палітычным уцякацтве. Адказу на гэты запыт не прыйшло: яго ў ДМС наогул знайшлі толькі днямі, пасля таго, як вакол выдварэння Карыны з Украіны выбухнуў чарговы скандал.

Праз месяц пасля таго, як запыт быў адпраўлены, Карына вырашыла больш не чакаць адказу. Тыдзень шукала натарыуса, які пераклаў бы яе дакументы на ўкраінскую мову. А калі сабрала неабходныя паперы для афармлення часовага ВНЖ і прыйшла ў Дэпартамент міграцыйнай службы, выявілася, што спазнілася на 12 дзён.

— Я прыйшла наўпрост да начальніка Дэпартамента міграцыйнай службы. Мяне адразу ж адправілі аплачваць штраф за пратэрмінаваныя дакументы.

Я прыйшла па новым адрасе, прынесла ўсе гэтыя свае падзякі ад бучанскай рады. Прынесла пакет дакументаў, сярод іншага — паперу аб тым, што буду працягваць займацца валанцёрствам ва Украіне і на гэтай падставе прашу выдаць мне часовы ВНЖ.

Супрацоўніца міграцыйнай службы на гэтыя мае дакументы нават не паглядзела. Яна проста склала на мяне пратакол за пратэрмінаваныя дні і дала падпісаць пастанову аб прымусовым выездзе да 14 ліпеня.

Я кажу: не буду падпісваць. Таму што ў пратаколе напісана, што я прыехала ва Украіну з мэтай легалізацыі. Калі б я ехала ва Украіну з мэтай легалізацыі, у мяне хоць бы былі б апастыляваныя дакументы. А я за двое сутак уцякла з Беларусі. Гэта не "з мэтай легалізацыі".

Такіх сітуацый, як мая, вельмі шмат. І, як я разумею, беларусы ціхенька ідуць у міграцыйную службу, ім ціхенька ставяць штампы аб выдварэнні, яны потым ціхенька выкладваюць іх у фэйсбуку — і ўсё.

Я спадзяюся, што зараз рашэнне аб прымусовым выездзе анулююць. І я змагу спакойна падаць дакументы, як планавала. Але вось што мяне бянтэжыць: атрымліваецца, што кожны беларус цяпер павінен ісці ў ДМС са скандалам. Без юрыста туды наогул лепш не ісці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі