Выжыванне ў галодныя 90-я: парася пад Мінскам, "ножкі Буша" і піражкі з травой

28/01/2022 - 11:30
Лайфхакі 90-х / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Пенсіянер можа сабе дазволіць купіць на абед бутэльку кефіру і дзве бульбіны. Калі пенсія "добрая" — яшчэ пяць грамаў ялавічыны, тры грамы мукі, 1/14 частку яблыка і кавалачак хлеба.

Гэта не пасляваенныя зводкі, а рэпартажы з беларускай дзяржаўнай газеты сярэдзіны 90-х. На гэтым фоне гісторыя пра тое, што ў тым жа годзе Магілёўская вобласць і Малдова дамовіліся на бартар — мяняць яблыкі на бульбу па курсе "адзін да аднаго", — нават здаецца добрай.

"Ёсць бульба — будуць і яблыкі"

Мы пагаварылі з людзьмі, якія памятаюць галодныя 90-я і пагадзіліся падзяліцца лайфхакамі выжывання. Нашы суразмоўцы пра гэты час расказваюць з куды большым аптымізмам, чым пра яго пісалі газеты.

Мы таксама аптымісты і спадзяёмся, што часы не стануць настолькі цяжкімі, каб вам давялося ўжываць гэтыя лайфхакі.

 

Ганна, у 90-я была студэнткай: “Нас было 30 сяброў — калі хоць адзін сыты, дык і іншыя галоднымі не былі”

— У нас была вялікая кампанія — чалавек 30, якія моцна сябравалі. І таму была вялікая ўзаемная дапамога. Калі ішлі ў госці, мы маглі сабраць такі падарунак: узяць пакет, пакласці туды пяць бульбін, морквіну, цыбуліну, якую-небудзь костку — тое называўся “супавы набор”. І гэта быў вельмі каштоўны падарунак.

Не было такога, каб нехта застаўся галодны, калі хаця б адзін з трыццаці — сыты. Памятаю, як адзін з нас ужо працаваў і, атрымаўшы першы заробак, набыў пачак пельменяў на ўсіх. Мы гэтыя пельмені з’елі — і ўсе трыццаць былі сытыя, давольныя.

"Мы гэтыя пельмені з'елі — і ўсе трыццаць былі сытыя, давольныя" / pixabay

Фінансава мы сапраўды жылі вельмі цяжка. Стыпендыя была невялікая, бацькі дрэнна зараблялі. Але ж мы былі студэнты, і нас не абцяжарваў быт. Ёсць ежа — елі, няма — не елі.

Адна з нашых любімых страваў называлася “шарыкі”. Мы бралі муку, ваду і “галіну бланку”. Замешвалі такое цеста, з якога рабілі такія вараныя мучныя шарыкі. Між іншым, было суперсмачна. Тушылі капусту, рабілі іншыя народныя стравы, якія не патрабуюць разнастайнасці прадуктаў.

Але не памятаю ніводнай гутаркі, падчас якой мы абмяркоўвалі, хто вінаваты ў гэтай эканамічнай сітуацыі. Я памятаю, што мы абмяркоўвалі музычныя гурты, абмяркоўвалі спектаклі, што маглі горача спрачацца па якой-небудзь кніжцы. А тэму “хто вінаваты” я і па сёння лічу даволі дурной для абмеркавання.

Мы былі дзецьмі, прычым дзеці Савецкага Саюза. У Савецкім Саюзе асабліва добра ніхто не жыў. І мы былі прызвычаеныя да вельмі сціплага быту. Я, уласна, не памятаю, каб у мяне было адчуванне нейкай эканамічнай катастрофы. У мяне сям’я ўвесь час жыла вельмі сціпла — і як не было асаблівых грошай у савецкі час, дык і ў 90-я іх не было.

Калі параўнаць цяперашнія і тагачасныя крамы, дык з цяперашняга часу вочы лезуць на лоб. Цяпер разумееш, што калі людзі ядуць шарыкі з “галіны бланкі” — гэта ненармальна. Але ж мы не ведалі, як бывае.

Памятаю, як мяне ў школе за добрую вучобу павезлі ў ГДР. І калі мы зайшлі ў звычайны супермаркет на краі не самага вялікага горада, дык не маглі адтуль выйсці дзве гадзіны. Стаялі з адкрытымі ратамі. Было незразумела, нашто столькі ўсяго. Бо мы былі непрызвычаеныя да такога.

Маркі ГДР / pixabay

У мяне і цяпер няма і ніколі не было мараў пра штосьці матэрыяльнае. Ну што гэта за мара такая дурная?

Нават калі штосьці з матэрыяльнага было цікавым, дык гэта звычайна знаходзілася ў сяброў. Напрыклад, камп’ютараў не было, але ж мы, філолагі, моцна сябравалі з факультэтам прыкладной матэматыкі. Мы і хадзілі да іх на камп’ютары. Нашто іх набываць, калі ёсць у сяброў?

Што тычыцца модных пласцінак — у аднаго з маіх аднакурснікаў быў велічэзны збор пласцінак. Проста велічэзны. Сябры прывезлі іх у інтэрнат, нехта прыцягнуў прайгравальнік — можна было слухаць.

Адным словам, мы вельмі добра жылі за кошт таго, што нас было шмат. А пасля мы перажаніліся адно з адным і дагэтуль збіраемся той жа кампаніяй на трыццаць чалавек.

 

Алег, супрацоўнік Акадэміі навук: "Сваякі дапамагалі гадаваць кабанчыка ў вёсцы"

— Лепей жылося тым, у каго былі сваякі ў вёсцы. Там можна было трымаць птушку, кабанчыка, карову, авечак. У вёсцы, дзе жыла тады мая цётка, быў статак кароў на 30-40 галоў. І гэта скаціна дапамагала людзям выжыць.

Мы са стрыечнай сястрой на дваіх куплялі кабанчыка і адвозілі яго ў вёску, а цётка дапамагала нам яго гадаваць — потым мы гэтага кабанчыка дзялілі. Вось так і выжывалі ўсе, у каго была магчымасць трымаць нейкую жыўнасць пад Мінскам.

"Былы інжынер акультурыў 100 гектараў зямлі, якая раней не выкарыстоўвалася, і заняўся вырошчваннем на ёй збожжавых" / Еўрарадыё

Калі я яшчэ працаваў у Акадэміі навук, то ў кожны абедзенны перапынак бегаў на Камароўскі рынак. Там усе бралі па танносці проста з грузавікоў масла Rama — вы такога масла ўжо не ведаеце, а тады пра яго яшчэ і Петрасян часта жартаваў. Тамсама можна было купіць крупы — грэчку, панцак, проса.

І так — кожны абедзенны перапынак. Перакусваў — і бег на Камароўку. Часы былі цяжкія, а там можна было ўзяць прадукты па танносці, у крамах было даражэй. Цяпер Камароўка моцна змянілася, а раней многія плошчы былі застаўленыя грузавікамі. І каля кожнага грузавіка выстройваліся даволі прыстойныя чэргі.

А як успомніш гэтую талонную сістэму — жах бярэ. Нам давалі на месяц такія "прасціны" з квадрацікаў-талончыкаў, на квадраціку было напісана, напрыклад, "крупы". Прыходзіш у краму, выразаеш талончык, плаціш "зайчыкамі" і атрымліваеш пэўную колькасць круп.

У мяне нават захаваўся нататнічак з талонамі, мы не ўсе выкупілі.

Алкаголь таксама выдавалі па спецыяльных талонах. Па яго прыязджалі і з Расіі. Мой пляменнік са Смаленска затарваўся нашай "крышталёўскай" гарэлкай у Мінску, казаў, у іх там суцэльная "палёнка". З якасцю малочна-мясной прадукцыі ў Беларусі таксама было лепей.

Моцна нас выручалі "ножкі Буша". Мы з суседкай па лесвічнай пляцоўцы куплялі ў краме каробку гэтых ножак, а потым іх дзялілі на дзве сям'і. Дзяліць іх было лёгка: замарожаныя, яны лёгка адломліваліся.

"А ці здольны талковы спецыяліст на рэалізацыю складанай сучаснай ідэі, зарабляючы за чатыры тыдні столькі, колькі неабходна для куплі двух кілаграмаў добрай каўбасы?" / Еўрарадыё

Але ў дэфіцыце было ўсё: і гаспадарчае мыла, і нават туалетная папера. Час быў вельмі нядобры. Разумееце, на гэтай хвалі і прыйшоў да ўлады Аляксандр Лукашэнка. Ён зразумеў, што чалавеку трэба: чарка, скварка і ўжываная іншамарка. І гэты лозунг працуе дагэтуль, усё гэта цягнецца з 90-х — бо наша пакаленне памятае, як цяжка было жыць. За час нулявых сітуацыя палепшылася, і людзі за гэта трымаюцца, успамінаючы тыя 90-я.

Асабліва складана было пенсіянерам. І развал СССР для многіх быў даволі моцным шокам.

“Бедны беларускі пенсіянер, а іх у нас каля 2 з паловай мільёнаў, можа купіць сабе на абед шклянку кефіру і дзве бульбіны” / Еўрарадыё

Што яшчэ: давалі кніжкі, па якіх можна было атаварвацца ў крамах. Па гэтых кніжках выдавалі лімітаваныя бытавыя прыборы, па ёй і мы набылі сокавыціскалку.

А каляровы тэлевізар я выйграў на працы, мне пашанцавала. Тады тэлевізары разыгрываліся па прадпрыемствах, за імі ганяліся. Памятаю, як мне далі даведку ад прафкама Інстытута фізікі, я пайшоў у краму "Гарызонт", і там мы набылі гэты каляровы тэлевізар. Праўда, якасць была яшчэ не вельмі добрая, так што ў ім хутка згарэў кінескоп, але па гарантыі нам замянілі яго на новы.

Халадзільнік таксама была праблема дастаць, і пыласосаў не было, і пральных машын — таксама. Многія бытавыя прыборы, якія цяпер даступныя, для нас былі радасцю.

 

Галіна, індывідуальная прадпрымальніца: на рынках былі людзі з дзвюма вышэйшымі

— У 90-я я вырашыла, што не саромеюся ніякай працы. Хтосьці тады сказаў: я лепш буду ўсё жыццё жыць у інтэрнаце, але не здраджу сваім амбіцыямі, бо я — дыпламаваны спецыяліст. А нехта пайшоў у бізнес. І тады на рынках з'явіліся людзі з дзвюма вышэйшымі адукацыямі.

І гэта не было проста, у людзей былі іншыя планы. Заканчваючы ВНУ, чалавек бачыў сябе навукоўцам, інжынерам, а трэба было перабудоўвацца, ісці "ў таргашы", сказаць сабе: усякая праца, якая пасля дапаможа рэалізаваць свае мары, не ганебная.

"І як жа я быў уражаны чысцінёй і дагледжанасцю польскага горада Гдыні. Я блукаў па вуліцах Гдыні, ашалела пазіраючы на багацце прадуктаў і тавараў у камерцыйных крамах" / Еўрарадыё

І як толькі стала цяжка, я адразу паспрабавала нешта зрабіць. Мы паехалі спачатку ў Расію, потым — у Польшчу. Цяпер галавой я разумею, што было фізічна няпроста: каб чагосьці дамагчыся, даводзілася працаваць без выходных, мала спаць. Так, цяжка. Цяжка! І не было стартавага капіталу. Бізнесмены 90-х — гэта галоўным чынам людзі, якія пачыналі з уласных ста рублёў.

Першы час вазілі тавары ў Польшчу: куплялі нейкія рэчы ў Беларусі, а прадавалі там. Польшча таксама была небагатай краінай. Чаго толькі мы туды не вазілі: і прадукты, і бытавую тэхніку — усё! А потым рынак перабудаваўся, і паволі мы пачалі нешта прывозіць адтуль у Беларусь.

Узровень жыцця змяніўся далёка не адразу. Калі б пачаў траціць грошы адразу, нічога б не дамогся. Калі прыязджаў за мяжу, у тую ж Польшчу, харчаваўся сціпла, браў ссабойкі. Так, хацелася купіць нешта смачнае, хацелася смачнай выпечкі, хацелася купіць панчохі. Але гэтыя жаданні былі мімалётныя — хацець не было калі. Трэба было вырашыць больш сур'ёзныя праблемы. Жыллёвую праблему, бо гарантыі дзяржавы на нас скончыліся.

Так, на збыткі грошай не ставала. А ці было дзе ўзяць гэтыя "збыткі"? Вядома, было. Мяне дзевяностыя заспелі ў памежным горадзе, тут заўсёды былі фарцоўшчыкі, можна было знайсці прыгожую вопратку, тут усё з'яўлялася раней.

Калі я зразумела, што мой узровень жыцця вырас? Калі паехала ў Польшчу і купіла куртку за 250 долараў. Па тых часах — вялікія грошы. Ува мне тады ніхто не разгледзеў кліента, я на бягу ўбачыла гэтую куртку з састаранай скуры і зразумела — хачу! І грошы ў мяне былі, толькі выглядала я тады не як чалавек, у якога ёсць грошы, — зусім маладая дзяўчынка.

Другі раз пачуццё таго, што ўсе намаганні былі не дарэмныя, прыйшло, калі я пачала выбіраць кватэру.

Многія з тых, хто тады пайшоў у гандаль, у страшным сне не жадалі гэтага сваім дзецям. Яны пастараліся даць дзецям адукацыю за межамі гэтай краіны, каб дакладна ведаць, што яны не будуць працягваць справу бацькоў.

 

Вольга з вёскі ў Віцебскай вобласці: "Самы яркі ўспамін — як пякла піражкі з травой"

— У 1990-м мне было 22 гады. У мяне ўжо быў чатырохгадовы сын, і я жыла з мужам у вёсцы. У нас была вялікая гаспадарка — але не з любові да жывёл, а праз тое, што не было грошай, а ў краме не было чаго купіць.

Муж працаваў заатэхнікам, а я сядзела дома з дзіцем і займалася побытам. Самы яркі мой успамін — як гатавала піражкі з травой. Прачнулася раніцай і ўсвядоміла, што дома ёсць толькі малако-мука-яйкі. Была вясна, а значыць, ніякай гародніны.

"Самы яркі мой успамін — як гатавала піражкі з травой" / pixabay

Прыдумала спячы піражкі з яйкам і зялёнай цыбуляй, але цыбулі тады яшчэ таксама не нарасло. Пайшла ў гарод і ціхенька нарвала зялёнай травы. Усе елі і нахвальвалі, якія смачныя піражкі. А я баялася, што хтосьці даведаецца, што піражкі з травой.

Муж займаў пасаду ў калгасе, нават грошы нейкія атрымліваў. Але на жыццё іх не хапала. Каб разлічыцца за каня для палявых работ і іншыя штукі, якіх у нас па маладосці не было, пачаў гнаць самагон. Проста ў вёсцы найлепшая валюта — гэта бутэлька.

Каб пракарміць сям'ю, я ездзіла ў райцэнтр на рынак і прадавала там малочныя прадукты: самаробны тварог, смятану і сыр. У мяне былі свае пакупнікі, але часта даводзілася ўцякаць ад міліцыі.

Бывалі эпізоды, калі муж нелегальна хадзіў на паляванне, каб здабыць мяса. І рыбу сеткай лавіў з гэтай жа прычыны. Але я не ўпэўненая, што гэта былі ўсё яшчэ 90-я, а не пачатак нулявых.

А наогул, калі мы з мужам пераехалі ў вёску, там быў гатэль для маладых сем'яў, дзіцячы садок, школа і нават кінатэатр на 500 мяккіх месцаў. Але разваліўся Саюз — і ўсё развалілася. Цяпер на месцы кінатэатра ў вёсцы пустка.

 

Святлана, прапаршчык запасу: "Дзякуючы службе ў ГДР было адзенне і тэхніка, у астатнім выручала лецішча"

— У цэлым вайскоўцы ў 90-х жылі як і ўсе астатнія, лепш за іншых мы ніколі і не жылі. Лічылася, што цяжкасці і нягоды загартоўваюць. Але напярэдадні крызісу 90-х нас адправілі служыць у ГДР, дзякуючы гэтай службе многія рэчы — адзенне, некаторая тэхніка — у нас былі. А вось заробкі былі малыя.

Памятаю, у месяц тады адкладалі максімум па 10 долараў. На святы муж мог дазволіць сабе падарыць мне толькі араматычнае мыла "Камэй" і кніжку. Тады ў мяне з'явіліся ўсе тамы Агаты Крысці. Калі хацеў купіць Агату Крысці, у дадатак трэба было ўзяць нешта яшчэ — так у мяне з'явілася яшчэ і біяграфія Францыска Скарыны.

"Найлепшы падарунак — кніга" / pixabay

У Полацку быў кароткі адрэзак часу, калі па талонах прадаваўся нават хлеб. Камандзіровачныя прыязджалі і разводзілі рукамі — што ж рабіць, нават хлеба не купіць! Гэта быў той час, калі прадукты вывозілі ў Расію. Зрэшты, у Расіі ўзровень жыцця хутка падняўся, у адрозненне ад нас.

А яшчэ па талонах прадавалі гарэлку. На кожнага сямейніка належала дзве бутэлькі. Мы не пілі — складвалі. І гэта была каштоўная валюта: за гарэлку муж купляў зямлю, каб насыпаць яе на дачны ўчастак. Дзве бутэлькі — машына зямлі.

Затое дзякуючы лецішчу на гародніну, ягады траціцца не даводзілася. Нарыхтоўкі мы рабілі па поўнай. Усё сутарэнне ў гаражы было забітае закаткамі, і ў кватэры — усе антрэсолі зверху данізу былі ў слоіках. У цэлым дзевяностыя не былі галодным часам для нас, але і раскошы не было. Што гаварыць, суцэльныя "ножкі Буша".

Кожны палачанін раскажа вам гісторыю пра немца Карла Фрэнкеля з Фрыдрыхсхафэна, які двойчы на год дасылаў усім жыхарам горада бутэлькі сланечнікавага алею і нямецкія шакаладкі. Па шакаладкі хадзілі ўсе, і ўсе казалі — "дзякуй немцу". Ён дасылаў гэтыя падарункі з 1992 года — і да самай смерці. А яшчэ дапамагаў тады полацкім лякарням, касцёлу, пажарнай частцы.

"І ўсе казалі — "дзякуй немцу!" / pixabay

Буйных пакупак тады не рабілі. Каштоўным набыццём быў крышталь: здавалася, грошы ўкладваюцца хоць у нешта матэрыяльнае. Тады нават пасцельную бялізну куплялі па талонах. Памятаю, калі нашы сябры ў канцы 80-х з'язджалі з горада, яны пакінулі нам талоны на пральны парашок — колькі было радасці!

У Беларусі было складана купіць нават жырандолю, так што па яе мы ездзілі ў Асецію. Адразу пасля таго, як нас вывелі з ГДР, мы прыехалі ва Уладзікаўказ, і я ўбачыла там у краме жырандолю з горнага крышталю. Грошай з сабой не было, таму потым мужу давялося ўзяць адпачынак і паехаць па яе назад ва Уладзікаўказ.

У кожнай краіне было нешта сваё. У Асеціі — люстра, а ў Ноўгарадскай вобласці ў Расіі я ўбачыла журавіны ў цукры. У нас такога не было.

Падарожжы? Падарожжаў мы сабе дазволіць не маглі. Але падарожнічаць эканомна ўмелі: у госці да бацькоў ездзілі на перакладных электрычках, праўда, гэта займала ну вельмі шмат часу.

А да інфляцыі ў нас было шмат грошай. Хапіла б на дзве машыны. Там былі і заробкі з ГДР, і ўсе сабраныя грошы — і за ўсе гэтыя грошы, якія абясцэніліся, мы змаглі купіць толькі адзін спальны гарнітур.

Увогуле, найлепшае, што было ў 90-х, — мы былі маладыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі