Галоўныя і проста цікавыя міжнародныя навіны / калаж Еўрарадыё
Пакуль у ЗША хакер ламае сацсетку прыхільнікаў экс-прэзідэнта Дональда Трампа, ва Украіне патрабуюць fact-checking слоў Аляксандра Лукашэнкі. Чаму ў Рыме свята, а Масква паверыла ў слёзы — у вельмі кароткім аглядзе міжнародных навін на Еўрарадыё.
У нядзелю ўвечары Папа Францішак паспяхова перанёс планавую аперацыю на тоўстай кішцы. Яе правялі спецыялісты шпіталя "Агостын Джэмелі" ў Рыме. Паводле афіцыйных звестак, кіраўнік Каталіцкага касцёла застанецца пад наглядам медыкаў як мінімум яшчэ на пяць дзён.
Сацсетку GETTR, створаную прыхільнікамі былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, узламалі хакеры. 4 ліпеня, у дзень афіцыйнага запуску, яна налічвала больш за паўмільёна зарэгістраваных карыстальнікаў.
Скампраметаваныя акаўнты вядомых падпісчыкаў сацсеткі, у тым ліку яе заснавальніка і былога дарадцы Трампа Джэйсана Мілера.
Хакер размясціў у профілі надпіс: "@JubaBaghdad быў тут :) ^^ вызваліце Палесціну ^^". Большасць узламаных уліковых запісаў была прыведзена ў парадак на працягу паўтары гадзін.
Пазней хакер расказаў, што ўзламаў GETTR, каб пазабаўляцца, і зрабіць гэта было вельмі проста.
1 ліпеня ў Тбілісі пачаўся "Тыдзень годнасці", у час якога прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці праводзяць розныя мерапрыемствы і расказваюць пра свае правы.
Аднак выніковы "Марш годнасці", які павінен быў адбыцца ў панядзелак увечары, арганізатары скасавалі. Патрыярхія Грузіі заклікала праціўнікаў запланаванага маршу не ўжываць гвалту і выказваць сваё меркаванне мірна.
На працягу дня радыкалы неаднаразова закідвалі журналістаў і аператараў апазіцыйных СМІ палкамі і бутэлькамі.
Некаторыя жыхары горада перакананыя, што арганізатарамі акцыі ёсць "прарасійскія сілы".
У канцы мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што даручыў памежным войскам цалкам перакрыць мяжу з Украінай. Паводле яго слоў, з боку суседзяў у Беларусь паступае "велізарная колькасць зброі". У адказ украінская Дзяржпагранслужба заявіла, што за апошнія паўгода колькасць затрыманай на мяжы зброі скарацілася з абодвух бакоў.
5 ліпеня міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба паведаміў, што мяжа з Беларуссю адкрытая, а словы Лукашэнкі патрабуюць пільнай праверкі.
"Аляксандр Лукашэнка — гэта чалавек, па якім трэба рабіць пільныя fact-checking. І запэўніваю вас, што яго заява пра кантрабанду зброі з Украіны ў Беларусь не пройдзе ні адзін fact-checking, таму што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Як і яго заявы пра тое, што мяжа закрылася. Па маёй інфармацыі, па стане на цяпер мяжа працуе", — сказаў Кулеба.
Ад наступстваў каранавіруса на 82-м годзе жыцця памёр савецкі і расійскі актор Уладзімір Мяньшоў.
"Мы страцілі нашага дарагога сябра, <...> які аддаваў роднай кінастудыі ўсе свае творчыя сілы і яркі талент, па-сапраўднаму народнага рэжысёра, выдатныя фільмы якога ведаюць і любяць мільёны людзей", — напісана ў тэксце спачування на сайце Масфільма.
Пра тое, што Мяньшоў заразіўся, стала вядома 26 чэрвеня. Тады ўдакладнялася, што хвароба праходзіць у лёгкай форме.
У 1981 годзе фільм Уладзіміра Мяньшова "Масква слязам не верыць" быў уганараваны прэміі "Оскар" Амерыканскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук як найлепшы фільм на замежнай мове. Пра ўзнагароду майстар даведаўся выпадкова ад калег.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут