Немцы любяць лічбы. Менавіта таму ўсе журналісты і рэдактары, расказваючы мне пра сваю працу на выбарах 2017 года ў Бундестаг і тэмы, якія яны найперш распрацоўвалі, былі на дзіва аднастайнымі: дадзеныя сацыялагічных апытанняў, аналіз гэтых даддзеных, абмеркаванне дадзеных і аналізу з экспертамі, прагнозы экспертаў — колькі якая партыя атрымае мандатаў.
— Сумна вам, відаць, працаваць падчас выбачай кампаніі? — спачуваю рэдактару радыёстанцыі RBB Ёргу Альбінскі.
— Мы б хацелі, каб было сумна, мы не любім розных скандалаў, але, на жаль, гэтым разам нам аж занадта нясумна працаваць, — адказвае рэдактар.
Для пачатку, чаканай нечаканасцю стаў рост папулярнасці ультраправай партыі “Альтэрнатыва для Германіі”. Калі на выбарах у 2013 годзе партыя не здолела пераадолець 5% бар’ер, то ўжо праз два гады мела рэйтынгі амаль 18%. Акурат у разгар міграцыйнага крызісу ў Еўропе, выступаючы найперш супраць міграцыйнай палітыкі ЕС. Праўда, з часам рэйтынгі апусціліся да 7%, але тыдзень таму апытанні далі партыі ўжо 12%.
Партыя апроч тэмы міграцыі актыўна піярыцца на тэмах традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, чысціні нацыі, антыглабалізму і гэтак далей. Узначальваюць партыйны спіс АДГ (Alternative für Deutschland) два кандыдаты — Аляксандзер Гаўланд (Alexander Gauland), Аліс Вайдэль (Alice Weidel). І начакана высветлілася, што эфектная бландынка Аліс — лесбіянка, якая жыве з партнёршай-азіяткай і выхоўвае яе дзіця.
У адказ на крытыку і заўвагі пра несупадзенне партыйнай праграмы і яе асабістага жыцця, фраў Вайдэль кажа: “Так, я выступаю за традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Сама іх не прытрымліваюся, але не бярыце з мяне прыклад”. (Нікога не нагадвае?)
Другі скандал звязаны з сябрам партыі дзеючага канцлера Ангелы Меркель ХДС (Christlich Demokratische Union Deutschlands). Днямі стала вядома, што кандыдат у дэпутаты ад гэтай партыі Карын Штрэнц (Karin Strenz) атрымала ад уладаў Азербайджана, па звестках розных СМІ, ад 7500 да 15 тысяч еўра “палітычнага хабару”.
Да выбараў немцы ставяцца вельмі адказна. Доказам гэтай адказнасці з’яўляецца яўка. У 2013 годзе на парламенцкіх выбарах у Германіі прагаласавала 71,5% выбаршчыкаў, у 2009 годзе — крыху больш за 70%, а ў 2005 — 77,7% ад 61,5 мільёнаў выбаршчыкаў.
— І ўсе гэтыя людзі ідуць свядома ці ёсць такія, каму палітыка абыякавая і ён проста ідзе выканаць свой грамадскі абавязак? — цікаўлюся ў доктара Ульрыкі Бутмалою.
— Хто палітыкай не цікавіцца, то проста на выбары не ходзіць, — адказвае яна. — Але ў нас ёй цікавяцца практычна ўсе. Нават калі я ведаю, што мая партыя не мае ніякіх шансаў, я ўсё адно пайду і адддам ёй свой голас.
Палітыку ў Германіі робяць партыі. Але нюанс нямецкіх выбараў у тым, што ў кожнага выбаршчыка два галасы. А ў бюлетэні для галасавання — два слупкі. Адным голасам у перым слупку выбаршчык галасуе за канкрэтнага кандыдата, які ідзе па іх акрузе, а другім галасуе за партыю. Партыйная прыналежнасць кандыдата, зя кога вы прагаласавалі, можа не супадаць з партыяй, якой аддалі свой голас. “Партыйнае” галасаванне будзе ўлічанае пазней, калі будзе фармавацца дэпутацкі склад Бундэстага. Як? Дэпутатамі становяцца ўсе 299 кандыдатаў, якія перамаглі ў сваіх акругах. А яшчэ 299 месцаў у парламенце партыі дзеляць паміж сабой у залежнасці ад набраных галасоў у другім слупку бюлетэняў і колькасці сябраў сваіх партый, якія перамаглі ў сваіх акругах. Схема такая хітрая, што ў выніку сення ў Бундестагу… 631 дэпутат. Эксперты упэўненыя, што і пасля гэтых выбараў іх будзе больш, чым 598.
Але ж гэта павялічвае расходу бюджэту, няўжо немцаў такая сітуацыя задавальняе? — пытаю ў Герда Дыленброка, былога кіраўніка Сталічнай студыі канала АРД, які шмат гадоў працаваў “парламенцкім аглядальнікам”.
— Вядома, не! Але гэта задавальняе партыі, бо дае ім больш мандатаў, больш кіруючых пасадаў, больш уплыву. Тыя партыі, за якія мы самі галасуем, таму і пагаджаемся.
Немцы бясконца вераць у сумленнасць сваіх выбараў. Пытанне пра давер сябрам выбарчых камісій і дакладнасці ў падліку галасоў выклікае ў нямецкіх суразмоўцаў шчырае здзіўленне. Як і пытанне пра празрыстыя скрыні для галасавання.
Галоўнае, каб там была шчыліна, куды можна прасунуць складзены ўдвая бюлетэнь, — смяецца Герд Дыленброк.
У выбарах бяруць удзел 42 партыі. Рэальна прэтэндуюць на значную колькасць месцаў у парламенце па меркаванні экспертаў і паводле апытанняў сацыёлагаў, толькі 6: альянс ХДС/ХСС (Christlich Demokratische Union Deutschlands / Christlich-Soziale Union in Bayern), які ўзначальвае Ангела Меркель. Ён і цяпер у лідарах — звыш 30% апытаных гатовыя аддаць альянсу свае галасы. Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (Sozialdemokratische Partei Deutschlands), якую ўзначальвае Марцін Шульц (Martin Schulz) з 20% падтрымкі. Альтэрнатыва для Германіі (Alternative für Deutschland) — з 12%. Далей ідуць Партыя левых (Die Linke), Зялёныя (Bündnis 90/Die Grünen) і Свабодная дэмакратычная партыя (Freie Demokratische Partei).
Нямецкія выбары дарагія і, нягледзячы на асобныя скандальныя гісторыі, спакойныя. Выбарчых плакатаў і кандыдатаў, і партый у горадзе безліч. Часцяком побач вісяць выявы двух галоўных канкурэнтаў на пасаду канцлера — Ангелы Меркель і Марціна Шульца.
Грошы на выбарчую кампанію у партыйны фонд можа пералічыць любы жадаючы. Да прыкладу, у партыі Марціна Шульца выбарчы бюджэт перавышае 20 мільёнаў еўра. Мільёны на два бюджэт меншы ў ХДС/ХСС. Усе звесткі адкрытыя — на сайце Бундестага. Цікава, што, да прыкладу, канцэрн BMW дае грошы і партыі Меркель, і партыі Шульца. А партыю Зялёных спансуе… гігант металургічнай прамысловасці Германіі.
Але апроч плакатаў і тэледэбатаў, пра выбары і сур’ёзную палітычную барацьбу ў краіне мала што сведчыць. Мітынгі ў сваю падтрымку ў Берліне за чатыры апошнія дні правялі толькі Альтэрнатыва для Германіі і Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі. Ну, яшчэ ўлёткі раздаюць валанцёры на вуліцы. Мне вось урычылі сёння ўлётку з прыклеенай шакаладкай кандыдата ад СПДГ Ціма Рэнера (Tim Renner).
— А гэта не лічыцца подкупам выбаршчыка? — паказваю на шакаладку
— Падарунак коштам да 5 еўра подкупам не з’яўляецца, — супакойваюць мяне.
Ніякіх асаблівых мер бяспекі ў горадзе не відаць. Хаця… У чацьверг, 21 верасня мы наведвалі рэдакцыю тэлеканала АРД. На ўваходзе праверылі пашпарты і выдалі гасцявыя бэйджы.
“Выбачайце за гэтыя надзвычайныя меры бяспекі, — прабачаецца Герд Дыленброк. — Проста зараз у нас тут Меркель у студыі адказвае на пытанні ў жывым эфіры…”
Ага, заплечнікі нават не праверылі!
Ну, і яшчэ адна цікавостка — забаронена рабіць сэлфі з кабінкі для галасавання, на якіх бачна, як паставілі галачку ў бюлетэні. Голас тых, хто выкладзе такое фота ў сацсеткі, не будзе ўлічаны. Але можна сэлфіцца, калі вы кідаеце свой складзены ўдвая бюлетэнь у скрыню для галасавання.
Чаго чакаць 24 верасня
Усе эксперты і сацыёлагі сыходзяць на тым, што чакаць варта перамогі ХДС/ХСС, яны і абяруць канцлера. Ангела Меркель кіруюе Германіяй 12 гадоў. Калі прагнозы спраўдзяцца, пойдзе на 16 гадоў. Сацыёлагі кажуць, што немцы ўжо троху ад Меркель стаміліся, але аддаць перавагу ёй. Аматары стабільнасці і прадказальнай палітыкі — усё проста.
"Я спыталася ў фраў Меркель, не будзе супярэчыць прынцыпам дэмакратыі яе абранне канцлерам у чацьвёрты раз? Яна адказала проста: “Не”", — расказвае галоўны рэдактар Сталічнай Студыі Дойчэ Веле Дагмар Анхель.