Вярхоўны суд прызнаў законным папярэджанне Мінюста на адрас АГП

17/05/2017 - 17:35

У Вярхоўным судзе скончыўся двухдзённы працэс, на якім Аб'яднаная грамадзянская партыя аспрэчвала папярэджанне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі за заклікі на акцыю 25 сакавіка. На думку Мінюста, калі сярод заяўнікаў акцыі былі сябры АГП, якія выступалі ў СМІ, а акцыю не дазволілі, то пакараць трэба партыю. 

Выступаючы ў судзе, старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што партыя нікога не ўпаўнаважвала падаваць заяўку на акцыю і не падавала яе сама, перадае Радыё "Свабода". Сябра АГП Ягор Віняцкі падаваў заяўку разам з іншымі актывістамі як фізічная асоба. У СМІ актывісты АГП Ягор Віняцкі і Мікалай Казлоў выступалі ад сябе асабіста, а не ад імя партыі.

Мінюст прадстаўляў Аляксей Пячкураў, які падкрэсліў, што ў СМІ Віняцкага называлі актывістам АГП. Чыноўнік настойваў, што ў заклікі прыняць удзел у акцыі на Дзень Волі ў СМІ публікаваліся ад імя партыі.Як доказы ён прыводзіў матэрыялы, размешчаныя на сайтах svaboda.org, upcb.org, naviny.bу, charter97.org, tut.by ды іншых. 

Намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва пераконвала, што спасылкі на СМІ не доказ таго, што арганізатар мерапрыемства прадстаўляў партыю. Яна мяркуе, што папярэджанне мусіла б выносіцца фізічнай асобе, а не арганізацыі. 

Выступаючы ў судовых спрэчках, Аляксей Пячкураў заявіў: "У гэтым разборы галоўнае не прававы бок, а — якая інфармацыя падавалася і як яна падавалася".

У сваім рашэнні па скарзе суддзя Мікалай Бабкоў не прыняў да ўвагі, што Мікалай Казлоў і Ягор Віняцкі выступалі ў СМІ як прыватныя асобы, а не прадстаўнікі партыі. Такім чынам, ён вынес рашэнне на карысць Мінюста.

18 траўня а 10-й гадзіне ў Вярхоўным судзе пачнецца разгляда аналагічнай скаргі ад імя Партыі БНФ. На наступным тыдні мінюстаўскае папярэджанне будзе абскарджваць рух "За свабоду".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі