"Вялікая сямёрка" патрабуе ад Расіі вызвалення ўкраінскіх маракоў

30/11/2018 - 15:35

Міністры замежных спраў краін "Вялікай сямёркі" (Канады, Францыі, Германіі, Італіі, Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША) патрабуюць ад Расіі вызвалення ўкраінскіх маракоў, а таксама вяртання Украіне захопленых у Керчанскім праліве караблёў. Пад заявай падпісалася і Вярхоўны прадстаўнік ЕС. "Няма апраўдання прымяненню Расіяй ваеннай сілы супраць украінскіх караблёў і іх экіпажа", — цытуе сумесную заяву "Бі-Бі-Сі". У ёй Маскву заклікаюць "устрымацца ад стварэння перашкодаў да законнага праходу праз Керчанскі праліў".

Расіяне захапілі два ўкраінскія ваенныя катэры і буксір, якія ішлі з Адэсы ў Марыупаль, 25 лістапада. Пры гэтым памежны карабель пратараніў украінскі буксір. Украінцаў абстралялі, былі паранены трое чалавек. Расійскі бок тлумачыць свае дзеянні тым, што была парушаная дзяржаўная мяжа Расіі і што гэта была правакацыя Кіева. 21 украінскага марака перавезлі ў маскоўскі следчы ізалятар "Лефортава", параненыя знаходзяцца ў бальніцы.

Адказам Украіны стала ўвядзенне ваеннага становішча ў 10 абласцях, якія мяжуюць з Расіяй і Прыднястроўем. Прэзідэнт Еўрасаюза Дональд Туск перад пачаткам саміту "Вялікай дваццаткі" ў Аргентыне заявіў, што "Еўропа адзіная ў сваёй падтрымцы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны". Ён упэўнены, што ў снежні будуць працягнутыя санкцыі, уведзеныя раней у дачыненні Расіі з-за яе дзеянняў у Крыме і на Данбасе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі