Відэаблогер з Брэста хоча трапіць у парламент

31/03/2016 - 04:57

Відэаблогер збіраецца ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Сяргей Пятрухін хоча стаць кандыдатам у дэпутаты па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе №1. Блогер вядомы ў горадзе серыяй сваіх дакументальных фільмаў-рэпартажаў аб праблемах мясцовых жыхароў. Відэаблог ён вядзе амаль два гады. Па словах Пятрухіна, у сваіх сюжэтах ён агучвае выпадкі злоўжывання ўладай з боку чыноўнікаў і праваахоўнікаў. Калі на пачатку сваёй дзейнасці ён публікаваў скаргі брэстаўчан на жыллёвыя праблемы, то цяпер усё часцей на яго канале можна пабачыць агляд вельмі спрэчных судовых рашэнняў.

Пятрухін: “У нас у краіне вельмі добрыя законы, але, на мой погляд, выконваюцца яны вельмі дрэнна. Асабліва мяне бянтэжыць дзейнасць судоў. Напрыклад, калі ідзе нейкі працэс з супрацоўнікамі ДАІ ці з чыноўнікамі, іх увесь час апраўдваюць”.

Менавіта Сяргей Пятрухін зняў відэа пра справу “Малыша і Маёра”, якая стала вядомай на ўсю краіну. Канфлікт адбыўся 10 кастрычніка 2015 года на стаянцы каля гандлёвага дома “Дзідас персія” ў Брэсце. Супрацоўнікі ДАІ спынілі кіроўцу і запатрабавалі выйсці з машыны, ад чаго ён адмовіўся. Пасля кіроўцу выцягнулі сілай і склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне. Ужо пазней кіроўца напісаў заяву аб прыцягненні да адказнасці інспектара ДАІ, які нібыта паслаў яго “на х*й” і звяртаўся да яго “малыш” і “Андруша”. Канфлікт быў зняты на відэарэгістратар. Брэсцкае УДАІ УУС замовіла дэкану філфака БрДУ Вользе Фелькінай лінгвістычную экспертызу размовы. Паводле яе, выказванні маёра не з'яўляюцца наўмысным прыніжэннем гонару і годнасці асобы. А таму справу на інспектара вырашылі не заводзіць. Тым больш, па версіі ДАІ, інспектар не ўжываў выраз з мацерным словам.

Сяргей Пятрухін паведаміў Еўрарадыё, што сваім удзелам у сёлетніх выбарах ён пераследуе тыя ж самыя мэты, як і пры стварэнні блогу, — інфармаваць кіраўніцтва краіны аб праблемах у рэгіёнах.

Пятрухін: "Я сваім блогам спрабую данесці да кіраўніцтва краіны і асабіста да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі тое, што ўлада на месцах хавае сапраўднае становішча справаў, а яму дакладваюць цалкам іншае. Я вельмі хачу, каб пра мой блог ведаў і ён, бо я паказваю сапраўднае становішча ў горадзе. У мяне ўсё даказана, усё грунтуецца на фактах. За кожнае сваё відэа я адказваю".

Сяргей Пятрухін прызнаецца, што яго рашэнне ісці на выбары было спантанным, але яно цалкам сур’ёзнае. Блогер распавядае, як узнікла ідэя пазмагацца за дэпутацкі мандат і што ён будзе рабіць, калі ўсё ж такі пройдзе ў парламент. 

Пятрухін: “Я проста не бачу руху з боку дэпутатаў парламента. У нас прымаюцца законы, якія пярэчаць Канстытуцыі — мне гэта незразумела. Я, прынамсі, не буду заўсёды падымаць руку “за”, бо ў мяне ёсць свая кропка гледжання. Мне б вельмі хацелася, каб наша краіна, Беларусь, якая знаходзіцца ў Еўропе, жыла ўсё-такі так, як жывуць нармальныя развітыя краіны, згодна з законам. Я, вядома, не ведаю, што ў мяне атрымаецца зрабіць і ці атрымаецца ў мяне туды патрапіць, але як мінімум такое жаданне ёсць”.

На думку блогера, уласныя старонкі ў сацыяльных сетках — добрая стартавая пляцоўка для перадвыбарчай кампаніі, бо ён там мае аўдыторыю сваіх прыхільнікаў, якая ўвесь час павялічваецца. На дадзены момант у брэстаўчаніна амаль 5 тысяч падпісчыкаў на канале Youtube.

Нагадаем, што кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пачнецца ў чэрвені 2016 года. Самі парламенцкія выбары павінны прайсці не пазней за 11 верасня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі