Выяўлена залішняя колькасць кіраўнікоў усіх катэгорый / LookByMedia
Ва ўрадзе Беларусі выпрацавалі падыходы да вызначэння аптымальнай колькасці работнікаў бюджэтных арганізацый, гаворыцца ў дакуменце Савета міністраў. Аптымізацыяй штатаў у дзяржаўных установах займаецца Наталля Пяткевіч. Адпаведны дакумент рэдакцыі Еўрарадыё перадала ініцыятыва BELPOL.
Паводле дакумента, выяўлена залішняя колькасць кіраўнікоў усіх катэгорый, у тым ліку намеснікаў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, а таксама служачых і прафесій з дублюючымі функцыямі. Аналіз праводзілі спецыялісты Мінфіна і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Дарэчы, скарачэнні закрануць не толькі кіраўнікоў, але і прыбіральшчыкаў памяшканняў і іншых радавых работнікаў бюджэтных арганізацый.
Згодна з дакументам, выпрацаваны наступныя падыходы:
колькасць прыбіральшчыкаў памяшканняў і тэрыторый скараціць не менш чым на 20% ад устаноўленай тыпавымі штатамі;
выключыць са штатаў паспартыстаў, а часовую рэгістрацыю даручыць іншым работнікам (загадчыку інтэрната, каменданту) або спецыялізаваным арганізацыям;
ахову аб'ектаў замяніць тэхнічнымі сродкамі з прыцягненнем Дэпартамента аховы МУС і да 31 снежня 2026 года вывесці з штатных расісанняў пасады вартаўніка і вахцёра;
абмежаваць лік кіраўнікоў усіх катэгорый граничным нарматывам у 10% ад штатнай колькасці і скараціць прафесіі з дублюючымі функцыямі, напрыклад намесніка па гаспадарчай рабоце, начальніка гаспадарчага аддзела і загадчыка гаспадаркай, а таксама краўчыхі і рабочага па мыцці і рамонту вопраткі;
ва ўстановах адукацыі перагледзець умовы ўвядзення пасад загадчыка бібліятэкай і бібліятэкара, павялічыўшы абслугоўваемы кантынгент арыентыровачна ўдвая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут