Віцебскіх студэнтаў кармілі 50-грамовымі катлетамі

14/05/2018 - 19:41

Камітэт дзяржкантролю выявіў шматлікія недахопы і парушэнні пры арганізацыі харчавання віцебскіх студэнтаў, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

Сёлета ў студзені Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб у вышэйшых навучальных установах на працягу першага квартала студэнцкае харчаванне стала не даражэй, чым у БНТУ, — 1 рубель 75 капеек за комплексны абед. Пры гэтым ён запатрабаваў увесці жорсткі кантроль над якасцю страваў і захаваннем санітарных нормаў.

У красавіку Дзяржкантроль праверыў харчаванне студэнтаў у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскім дзяржуніверсітэце і Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце. Праверка паказала, што кошты за комплексны абед сапраўды не перавышаюць такі ж абед у БНТУ.

Праўда, зніжэнне коштаў дасягнулі тым, што паменшылі порцыі гарачых страў да 50 грамаў, а таксама ўключылі ў гэтыя абеды самыя танныя стравы.

Ад гэтага харчовая каштоўнасць і каларыйнасць комплексных абедаў знізілася аж да 23% ад сутачнай патрэбы замест рэкамендаваных 30%. 

Напрыклад, у стандартны набор комплексу ўваходзілі: 100 г гародніннай салаты, 250 мл супу, 50 г гарачай стравы (біточкі, шніцаль, катлета, сардэлькі, фрыкадэлькі рыбныя, сцягно птушкі, каўбаскі па-магілёўску ды інш.) і 150 г гарніру (макароны, каша, капуста тушаная), 200 мл кампоту (кісель, гарбата), 40 г хлеба.

Пасля памяншэння порцый студэнты сталі менш купляць комплексныя абеды. Большасць плаціла даражэй, але купляла больш паўнавартасныя стравы. Паводле меню сталовых універсітэтаў за сакавік сярэдні кошт абедаў (салата 100 г, суп 250 мл, гарачая страва 60-300 г, гарнір 150 г, кампот 200 мл) склала ад 1,91 да 5,34 рубля, а сярэдні кошт 1 пакупкі (чэка) у дзень ад 2,07 рубля ў медуніверсітэце да 3,65 рубля ў акадэміі ветмедыцыны.

Праверка выявіла, што ва ўсіх ВНУ дапушчалася гатаванне аднайменных страў па некалькі дзён запар. У некаторых універсітэтах знайшлі парушэнні пры захоўванні харчовых прадуктаў. Наведвальнікам пры выдачы кандытарскай і кулінарнай прадукцыі не давалі бясплатныя ўпаковачныя матэрыялы. Таксама парушаліся правілы карыстання сродкамі вымярэнняў. Ня выконвалася заканадаўства аб кнізе заўваг і прапаноў, вядзенні кнігі касіра.

Таксама Дзяржкантроль запатрабаваў ва ўсіх харчблоках замяніць шэраг тэхналагічнага абсталявання і кухоннага інвентару. Інтэр'ер абедзенных залаў некаторых ВНУ ахарактарызаваны як маральна і фізічна састарэлы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі