Віцэ-прэм'ер Турчын: Урад не разглядае чарговае павышэнне пенсійнага ўзросту

14/09/2018 - 09:46

13 верасня першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын правёў працоўную паездку ў Гомельскую вобласць.

У Кармянскім раёне чыноўнік арганізаваў асабісты прыём грамадзян, а таксама наведаў філіял №2 ААТ "Рэчыцкі тэкстыль", дзе сустрэўся з рабочымі. 

У Турчына запыталіся наконт росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Ён запэўніў, што рэзкага росту тарыфаў не будзе. "Сёння па шэрагу паслуг мы аплочваем каля 80% іх сабекошту. Найбольш адчувальныя ў гэтым напрамку пазіцыі — ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. На гэты конт ёсць выразная пазіцыя. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача: любое павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі павінна быць звязана з ростам матэрыяльнага дабрабыту людзей", — цытуе прэс-служба Саўміна яго словы. 

Таксама Турчын паведаміў рабочым, што далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту ўрад цяпер не разглядае. Хаця, па яго словах, з кожным годам колькасць людзей пенсійнага ўзросту на аднаго працоўнага павялічваецца. 

Наконт пенсій чыноўнік заявіў, што ўрад плануе захоўваць сярэдні памер працоўных пенсій на ўзроўні 40% ад сярэдняга заробку па краіне.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі