Венецыя на Палессі. Як жыве вёска, у якой замест дарог раней былі "каналы"

24/08/2017 - 12:02

Вёска Какорыца знаходзіцца на тэрыторыі беларускага Палесся. Тут людзі размаўляюць на палескай гаворцы — зусім непадобнай да асноўных дыялектаў беларускай мовы. Яны заўсёды жылі адасоблена з-за вялікай колькасці балот. У Вёсцы Какорыца дарог не было зусім. Дабрацца туды з "вялікай зямлі" можна было толькі лодкай. Людзі будавалі хаты на невялікіх астраўках. На "чайках", так на мясцовай гаворцы называюць лодкі, яны ездзілі ў школу, на працу і ў суседнія вёскі.

"Кому скажытэ, шо я когда-то чайкію ― лодкэю по-нашому, йіхав сюдою, ныхто ны повірыць. Колысьці на Паску я ішоў по гэтэй дорозі, шо зарэ мы йдымо, в рыбацкых сапогах, а боцінкы в пакетовы ніс", ― кажа на мясцовай гаворцы Іван, першы жыхар, якога мы сустракаем у Какорыцы, вёсцы на балотах у Драгічынскім раёне, асушанай усяго 20 гадоў таму.

 

Наўрад ці хто паверыць, але яшчэ нядаўна тут зусім не было дарог. Замест іх — сапраўдныя каналы, як у Венецыі! Жыхароў Какорыцы, якія яшчэ нядаўна не хадзілі пешшу на поле, у школу, краму, царкву і ў госці, а плавалі на чаўнах, называюць "багнюкамы". Пра саму вёску ходзяць легенды. Маўляў, некалі за нейкія правіны на балоты былі сасланыя "Протас і Зынів", ад іх пайшлі два роды ― Пратасевічы і Зіновічы. Прычым, калі стаяць тварам да крыжа, у які ўпіраешся, калі едзеш адзінай дарогай у Какорыцу з Бездзежа, па правую руку вёскі жывуць Пратасевічы, па левую ― Зіновічы. Нават хаваюць Пратасевічаў і Зіновічаў на асобных для кожнага “клана” могілках.

Іван і ягоная чайка

Іван Пратасевіч жыве ў правай частцы вёскі, якая называецца Кутасы (левая ― Героды). Ён з ахвотай паказвае сваю "чайку" ― падгнілую драўляную сасновую лодку, што стаіць на падворку пад старымі ліпамі і нагадвае пра былую незвычайнасць гэтага месца.

 

"В нас чырыз хату був мотор (маторная лодка, ― Еўрарадыё.) і лодка. Гэндэ (тут) в мынэ одна загныла, ― вядзе нас да чаўна Іван, які раней працаваў у калгасе вартаўніком і перавозіў на "маторы" па 19 касцоў, робячы да пяці рэйсаў за дзень. ― Моторы попрадовалы. Зарэ інспекцыя ― на рыбалку ны выйідыш. А когда-то быз бутылкы на гозыро (у двух кіламетрах ад Какорыцы ― Спораўскае возера, ― Еўрарадыё.) пойіхаты ― шо в цэрквы свічку ны поставыш. Мы всігда собыралыса, сеткы ставылы. А зарэ осушылы. Ну то шо мы ― зарослы. Кар'ера выкопалы ― і той заріс. І мы заростаемо".

Цяперашняя Какорыца

Хаты ў Какорыцы месцяцца групкамі: праз кожныя тры-чатыры ― поле ці луг (раней тут была вада), за якімі ― чарговы населены "кангламерат". Ля хаты Івана, напрыклад, стаяць дамы Любові Пратасевіч і Васіля Зіновіча. З цягам часу Зіновічы жаніліся з Пратасевічамі і пераязджалі з аднаго раёна вёскі ў іншы.

"У Івана була жінка, йійі звалы Комерцыя. Вот він і оставса Іван Камерцыі. А чого вона була Комерцыя? Хто йійі знае, гэто по матыры йійі так называлы, Любоў Пратасевіч тлумачыць, як жыхары Какорыцы арыентуюцца ў суседзях. ― А сым'ю Васыля звалы по бацьковы ― Розумці, бо бацька называлы Розум. І він Вася Розум. А жінка в ёго Марыя Ковпачыха, потому шо йійі бацькыв звалы Ковпакамы. А мы ― Мішы Пытрусюва".

Любоў Пратасевіч дэманструе ўласна тканае палатно

Жыхары Какорыцы, нягледзячы, на асаблівасці мясцовасці, вельмі лёгка ідуць на кантакт: запрашаюць на абед, дораць нашаму фатографу фірмовы палескі кош з лазы, клічуць у хату і расказваюць пра свой штодзённы лад. У гэтых мясцінах па-ранейшаму жыве ткацтва і вышыўка. Узоры вырабаў Какорыцкіх майстрых захоўваюцца ў Бездзежскім музеі “Фартушок”. Вось і Любоў, раней палявод, а цяпер пенсіянерка, вышывае рушнікі і "настілныкы" (абрусы, ― рэд.) і тчэ. Тое самае рабіла яе маці, якой навука перадалася ад цёткі. А муж Любові, як і 80-гадовы сусед Васіль, пляце кашы.

Васіль Зіновіч перабраўся з бацькамі ў Какорыцу з Ясінёвых хутароў яшчэ малым ― тады ўсе стараліся гуртавацца, каб зручней было дабірацца да крамы і ў школу. Школа, сямігодка, была побач. Потым, каб працягнуць вучобу, падлеткам даводзілася плыць да Бездзежа, пакідаць каля лесу човен і ісці ў школу. "Чайкі", кажа Васіль, "багнюкы" рабілі самі: выпісвалі хвою ў лясніцтве, ехалі ў Бездзеж на пілараму, пілавалі яе, а дома "збівалі" лодку. У кожнага жыхара ў гаспадарцы была свая "чайка", а то і некалькі ― “бульша чы мэнша”.

"Чайкі до того стовба доізжалы, ― паказвае Васіль Зіновіч месца ў 50 метрах ад нас. ― Скрізь вода була, а тут сухо була. Оно чайкію і пройідыш". 

"Чайку" ў гаспадарцы замяніў воз

Сямікіламетровую дарогу да Бездзежа жыхары Какорыцы будавалі самі. Васіль кажа, што праца была размеркаваная між усімі сем'ямі, а іх тады было ў беларускай Венецыі каля 180-ці, па тыднях ― у Какорыцы такі прынцып працы называюць "шарварок".

"А осушылы, як сталы іці сыльні дожчі, можэ по тыжднёвы йшов дошч, ― прыгадвае Васіль. ― Стало воды много, то опять затонула тая дорога, шо построілы люды. Тоді сюда до школы віртолётом прывозылы продукты".

Васіль распавядае, што большасць жыхароў Кутасоў і Геродаў працавалі ў калгасе, але блізкасць Спораўскага возера і ракі Ясельды рабіла сваю справу: людзі жылі за кошт лоўлі і продажу рыбы. А цяпер нічога не прадасі ― лавіць рыбу можна толькі для сябе на вуду ці спінінг. У іншым выпадку ― штраф.

Какорыцкія джунглі

І ўвогуле, цяпер у Какорыцы мала што нагадвае “балотнае” мінулае: чаўны ідуць на дровы, невялікія зялёныя сажалкі летам высыхаюць, месцы, некалі залітыя вадой, параслі хмызняком. Увогуле, вёска нібыта закансервавалася: школы даўно тут няма, белы будынак клуба стаіць пусты, нават краму, і тую зачынілі два месяцы таму ― цяпер сюды прыязджае аўталаўка, а моладзь з’язджае. “Баяцца камароў”, ― жартуе дзед Васіль.

Над тым, што дзеці раз’ехаліся па гарадах, уладкаваліся там і не збіраюцца вяртацца ў Какорыцу, і “кому гэто всэ достаныцца”, плача і 88-гадовая Надзея Пратасевіч, у дзявоцтве Зіновіч. Разам з мужам Сцяпанам яны жывуць у сапраўдным “раі”, да якога вядзе лясная сцежка. На іх “востраве” дзве хаты ― старая, пабудаваная ў 1928 годзе, і новая ― ёй 25 гадоў. Агарод, невялікая пасека, гаспадарчыя пабудовы і тры рассохлыя “чайкі”. 

"Чайка" Пратасевічаў служыць складам для шыфера

Надзея ― нявестка Марыі Пратасевіч, якая на пачатку жніўня памерла ва ўзросце 105 гадоў і была найстарэйшай жыхаркай Драгічынскага раёна. Баба Надзя некалькі гадоў як не ходзіць ― зусім слабыя ногі. Прадзе “вовночку, як всі тут” і вяжа з яе шкарпэткі з палоскамі. За гаспадаркай глядзіць дзед Сцяпан: і курэй корміць, і памідоры садзіць, і варыць есці, і печку з грубкай топіць.

“Стыпан ― закалённый кузнец. В колхозі на кузні робыв”, ― кажа бабуля. Яна сядзіць на ложку ў цёмным прахалодным пакоі. Старыя шпалеры. У рамах ― фота, сярод якіх можна ўбачыць і жаўнераў Арміі Краёвай, сярод іх бацька Сцяпана.

“Як я малым був, літом коров пасвыв. Бацько дыржав 10 коров. От як гэто було тогды, ― прыгадвае далёкае дзяцінства Сцяпан. ― А зімой найдуць роботу ― то насадяць бобу, нада ёго полушчаты, то прадуць, то клубкы мотаюць. Люды з зымлі жылы... Ну і в школу ходылы. То учіцель прыходыв на урок і вылывав воду з чобіт”.

У старым доме, дзе жывуць Надзея і Сцяпан, да вайны была польская школа. Падчас вайны ― партызанская камендатура. Партызаны хаваліся ў какорыцкіх балотах, мясцовыя іх падтрымлівалі, за што не раз былі “спаленыя” гітлераўцамі. Маці Сцяпана, Марыя, варыла партызанам ежу. Пасля вайны хата Пратасевічаў зноў стала школай. У адным пакоі жыла іх сям’я, у другім вучыліся какорыцкія дзеці. Дзяржава плаціла сям’і за гэта 6 рублёў, а Марыя працавала прыбіральшчыцай.

“Як жэж ны пустыш в школу ― гэто ж робота, а роботы ны було, дэ ж тут тыйі роботы. А коліы вона пошла на пенсію, то я була ціхнічкыю і працовала в новэй школы”, ― працягвае Надзея Пратасевіч.

Старая хата, у якой амаль 90 гадоў жывуць Пратасевічы

Дзед Сцяпан ладзіць нам экскурсію па падворку і заводзіць у новую прыгожую хату. Старыя думалі, што будуць там жыць. Аднак здароўе падвяло ― з хворымі нагамі не асабліва дасі рады штодня падымацца на высокі ганак. Тут парабілі дзецям “высылля”. А цяпер дзеці і ўнукі спыняюцца, калі прыязджаюць. Вось і 105-гадовую бабу Марыю, калі памерла, прынеслі ў новую хату ― прыйшло шмат людзей.

А гэта новы дом, які стаіць пусты ўжо 25 гадоў

Пасля таго, як на пачатку 2000-х у Какорыцу дабралася меліярацыя, у калодзежах знікла вада. Жыхарам прывозілі бочкі, яны наноў капалі калодзежы і ставілі калонкі.

“Вода ж пропала. А зарэ неяк е. Ныдобрэ було. Алэ ж гэто власць ― шо хочуць, то і робяць. Мы тут жывэм, то нам воно і добрэ. Я нэ відаю, як в другым місці. Зроду тут ды тут, здаецца, тут надліпш ужэ. Слава Богу за всё, дожылы до старосці”, ― усміхаецца бабуля Надзя і дзякуе, што мы заехалі. Маўляў, “шоб вытэ тут з намы вжэ і осталыса”. 

Але мы накіроўваемся далей углыб Палесся па прыгожай грунтовай дарозе, якую насыпалі жыхары Какорыцы.

Мясцовы паштальён прывёз Пратасевічам свежую газету
Дарога з Какорыцы ў Бездзеж

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі