Валянцін Елізар'еў: "Саламею" першы раз пагляджу на прэм'еры

27/09/2018 - 15:40
Фота: bolshoibelarus.by

Прэм'ера оперы Рыхарда Штраўса "Саламея" ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ, з-за скаргаў вернікаў перанесеная з 9 верасня на 18 кастрычніка, адбудзецца. Пра гэта Еўрарадыё распавёў новы мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра оперы і балета, народны артыст Беларусі Валянцін Елізар'еў.

26 верасня харэограф вярнуўся ў тэатр і заняў пасаду мастацкага кіраўніка. Ён заявіў, што, нягледзячы на ​​неадназначнае стаўленне да спектакля прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы, не мае намеру ўмешвацца ў пастаноўку, якую ажыццявіў папярэдні мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Панджавідзэ.

"Я не быў ні на адной рэпетыцыі. Прыйду на прэм'еру разам з усімі", — сказаў Елізар'еў.

Прэм'ерныя паказы "Саламеі" Рыхарда Штраўса, створанай па матывах аднайменнай трагедыі Оскара Уайльда, павінны былі прайсці 9 і 10 верасня. Аднак за тры дні да прэм'еры стала вядома пра перанос паказаў. Прычынай стаў ліст абражаных вернікаў, накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Аўтары ліста палічылі пастаноўку оперы "блюзнерствам (скажае біблейскую гісторыю), здзекам з памяці Іаана Хрысціцеля, дзёрзкім антыхрысціянскім, антыцаркоўным (антыклерыкальным) дзействам, абразай рэлігійных пачуццяў вернікаў, крымінальным злачынствам (арт. 130 КК "Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай , нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці").

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі