Вадзім Іосуб: Паніка сярод укладчыкаў малаверагодная

16/06/2017 - 11:15

16 чэрвеня ў аддзяленнях "БСБ Банка" шматлюдна. Напярэдадні Нацбанк вырашыў адклікаць ліцэнзію банка на працу з фізічнымі асобамі, таму яны спяшаюцца закрыць рахункі і зняць грошы з картак.

"БСБ Банк" займае параўнальна невялікую долю рынку банкаўскіх паслуг. На 1 студзеня 2017 года яго актывы ацэньваліся ў 251,7 млн рублёў. Нягледзячы на рост у 41,48% за апошні год, па памеры актываў банк займаў толькі 17 месца з 25.

Ці могуць падзеі вакол "БСБ Банка" выклікаць паніку сярод беларускіх укладчыкаў і негатыўна паўплываць на стан банкаўскай сістэмы?

"Варыянт, калі праз праблемы з "БСБ Банкам" укладчыкі могуць зладзіць набег на іншыя банкі, малаверагодны, — лічыць Вадзім Іосуб, аналітык кампаніі "Альпары". — Такія выпадкі, як с "БСБ Банкам", у нас адбываюцца нячаста, але гэтая гісторыя не першая. З апошняга можна прыгадаць "Дэльтабанк", які быў папросту зачынены, але гэта не прывяло да адтоку ўкладчыкаў з іншых банкаў. Можна нават сказаць, што вынік супрацьлеглы: людзі, якім будуць патрэбныя банкаўскія карткі і абслугоўванне, стануць кліентамі іншых банкаў. То бок, яны могуць разлічваць нават на прыток кліентаў".

На думку эксперта, прычыны, з якіх Нацбанк увёў санкцыі ў дачыненні да "БСБ Банка", стануць вядомыя ў бліжэйшыя дні.

Пакуль жа беларускія банкі паступова адключаюць карткі "БСБ Банка" ад абслугоўвання. Ужо зараз імі немагчыма расплаціцца ў крамах, кавярнях і на запраўках, падключаных да тэрміналаў Белаграпрамбанка, "Пріорбанка", "БПС-Сбербанка" і Белінвестбанка. З карткі "БСБ Банка" таксама нельга кінуць грошай на velcom, бо мабільны аператар абслугоўваецца "Пріорбанкам".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі