Вайна ва Украіне
На фронце ў Харкаўскай вобласці Украіны беларускі добраахвотнік стрэліў у пабраціма. Як паведамляе Радыё Свабода, па факце "парушэння правілаў абыходжання са зброяй, якое прывяло да цялесных пашкоджанняў пацярпелага", распачатая крымінальная справа.
Здарэнне адбылося ўвечары 4 снежня ў Купянскім раёне. Якраз там ідуць цяжкія баі. У часовай дыслакацыі адной з вайсковых частак Узброеных сіл Украіны грамадзянін Беларусі, які служыць стралком, стрэліў з аўтамата Калашнікава і трапіў у жывот іншага вайскоўца (грамадзянства пацярпелага не ўдакладняецца). Справу расследуе ўпраўленне Дзяржаўнага бюро расследаванняў у Харкаўскай вобласці. На месца здарэння прыязджаў выканаўца абавязкаў следчага Купянскага раённага аддзялення паліцыі, які агледзеў месца і сабраў усе неабходныя рэчавыя доказы.
Вядома, што пацярпелы вайсковец атрымаў скразное раненне ў жывот. Яго эвакуавалі для аказання меддапамогі. Цяперашні стан параненага невядомы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут