Улады правераць маршрутку за 5 рублёў у Мінску

01/03/2026 - 15:21

Кошт праезду ў маршрутцы ў Мінску.

У Threads з’явіўся пост з фатаграфіяй з мінскай маршруткі — пасажыраў папярэдзілі, што з 1 сакавіка праезд будзе каштаваць 5 рублёў. Абурэнне ў сацсетках заўважылі прадстаўнікі кантралюючых ведамстваў — паабяцалі праверыць перавозчыка і абгрунтаванасць кошту праезду.

Гаворка ідзе пра маршрутку №1183 "Аўтастанцыя Аўтазаводская — Ждановічы", якая праходзіць праз увесь горад.

Аўтар паста піша, што з сакавіка 2025 года праезд каштаваў 3,5 рубля, а цяпер кошт вырасце адразу на 1,5 рубля. Пры гэтым праезд на ўчастку ад Каменнай Горкі да ТД "Ждановічы" будзе каштаваць 2 рублі.

Сітуацыя з маршруткай прыцягнула ўвагу ўладаў. Кошты на маршрутнае таксі ў горадзе рэгулююцца, а рэнтабельнасць перавозак не можа перавышаць 15%. Пра гэта распавяла намесніца старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Вольга Леошка, піша "Минск-Новости".

— Асноўная маса перавозчыкаў добрасумленна выконвае парадак фарміравання кошту праезду: павялічваюцца выдаткі на паліва і запчасткі, растуць заробкі вадзіцеляў. Будзе праверана, ці не парушыў перавозчык, які абслугоўвае маршрут 1183, парадак цэнаўтварэння. Калі так — будуць прыняты меры, — кажа чыноўніца.

Яна не выключыла, што для перавозчыка маршрут сапраўды стаў стратным, калі ён вырашыў аднаразова павялічыць кошт на 30%. Адным з фактараў тут можа быць і нядобрасумленнасць кіроўцаў, якія не прабіваюць чэкі, а пасажыры не задумваюцца, што тым самым спрыяюць гэтаму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі