Улады ліквідуюць літаратурны фонд "Нёман", які выпускаў часопіс "Дзеяслоў"

28/06/2024 - 09:20

Часопіс "Дзеяслоў" / bellit.info

Беларускія ўлады збіраюцца ліквідаваць яшчэ чатыры грамадскія арганізацыі — справы пра іх ліквідацыю разгледзіць сёння Мінскі гарадскі суд. На гэта звярнуў увагу рэсурс reformby.org.

У прыватнасці, будзе ліквідаваны літаратурна-мастацкі фонд "Нёман", які прапрацаваў у краіне 30 гадоў. Ён аб'ядноўвае літаратараў і да нядаўняга часу выпускаў літаратурна-мастацкі часопіс "Дзеяслоў". У часопісе публікаваліся сучасная беларуская проза і паэзія, а таксама пераклады замежных аўтараў. Апошні, 127-ы, нумар часопіса выйшаў у снежні 2023 года.

Ліквідуюць таксама Беларускае рэспубліканскае стаматалагічнае грамадскае аб'яднанне, якое існуе ў краіне з 1994 года, і "Фонд Экомир". "Экомир" прапрацаваў у Беларусі 29 гадоў. Займаўся прапагандай ідэй абароны навакольнага асяроддзя. Пры падтрымцы фонду быў зняты шэраг дакументальных фільмаў.

Таксама плануецца закрыць і грамадскую арганізацыю "Аб'яднаны шлях". Яна рэдагавала партал пра дзейнасць беларускіх недзяржаўных аб'яднанняў NGO.by. З 2019 года сайт не абнаўляецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі