Хабар, ілюстрацыйнае фота / Fotolia / staras
Сілавікі рапартуюць, што выкрылі вялізную карупцыйную схему. Затрыманні правялі супрацоўнікі УБЭП мінскай міліцыі ды прадстаўнікі Генпракуратуры. Сярод затрыманых — службовыя асобы прадпрыемстваў аграпрамысловага і паліўна-энергетычнага комплексаў, ЖКГ, будаўніцтва, транспарту, адукацыі ды іншых галін.
Як паведамляе прэс-служба МУС, службовыя асобы атрымлівалі хабар ад удзельнікаў тэндараў у абмен на гарантаванае прасоўванне іх камерцыйных інтарэсаў. Яны забяспечвалі выбар "патрэбных" арганізацый для пастаўкі будматэрыялаў, электраабсталявання і запчастак, спрыялі бесперашкоднай прыёмцы тавараў і кантралявалі своечасовую аплату паставак. Агульны аб'ём хабару перавысіў 750 000 рублёў.
Арганізатарам схемы называюць заснавальніка некалькіх камерцыйных кампаній. Ён распрацаваў механізм размеркавання незаконных выплат, у якім была нават спецыяльная формула разліку сум узнагароджання. Перадаваць хабар дапамагалі яго падначаленыя.
У офісе фірмы правялі ператрус, падчас якога знайшлі дакументы "чорнай бухгалтэрыі" са звесткамі пра сумы здзелак і выплачаных "адкатаў".
На 44 фігурантаў пачалі 45 крымінальных спраў за хабарніцтва. Многія з іх затрыманыя непасрэдна пры здзяйсненні злачынства, частка — арыштаваныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут