У ВНУ Беларусі на бюджэт недабралі больш за 100 чалавек

25/07/2016 - 11:10

У шэрагу беларускіх ВНУ з 26 па 28 ліпеня пройдзе прыём дакументаў па дадатковым наборы на бюджэтныя дзённае і завочнае навучанне. Гэта выклікана тым, што на некаторых спецыяльнасцяў засталіся вакантныя месцы.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова гатовыя прыняць яшчэ 10 чалавек на спецыяльнасць "фізіка і інфарматыка" і 4 — на спецыяльнасць "матэматыка і інфарматыка". На завочную форму дадаткова набіраюць 9 чалавек на спецыяльнасць "пачатковая адукацыя" (скарочаны тэрмін навучання), піша БЕЛТА.

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце дадатковы набор на дзённую форму навучання абвешчаны на наступныя спецыяльнасці: "вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў (тэхналогія і менеджмент)" — 24 вакантныя месцы, "машыны і апараты лёгкай, тэкстыльнай прамысловасці і бытавога абслугоўвання" — 14, "канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў" — 15, "канструяванне і тэхналогія вырабаў са скуры" — 9.

У БДУ на дзённую бюджэтную форму на геафаку дабіраюць па два чалавекі на спецыяльнасці "геалогія і разведка карысных выкапняў", "геаінфармацыйныя сістэмы (напрамак — зямельна-кадастравыя)", а яшчэ 7 — на спецыяльнасць "гідраметэаралогія". Таксама два вольныя месцы ёсць на ваенным факультэце на спецыяльнасць "геаінфармацыйныя сістэмы (напрамак — спецыяльныя)". На завочнае навучанне геаграфічнага факультэта ёсць чатыры вакансіі на спецыяльнасць "геаэкалогія", на гістфаку— два вольныя месцы на "дакументазнаўства", у Інстытуце журналістыкі — тры вакансіі на спецыяльнасць "журналістыка (напрамак — друкаваныя СМІ)".

Пра вакантныя месцы на бюджэтным навучанні паведаміў і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. Шамякіна. У гэтай ВНУ засталіся 11 вакантных месцаў на спецыяльнасць "матэматыка і інфарматыка" (дзённая форма). Акрамя таго, на завочную скарочаную форму навучання універсітэт гатовы прыняць яшчэ 8 чалавек на "прафесійнае навучанне (машынабудаванне)".

Прэтэндаваць на гэтыя месцы могуць абітурыенты, якія здавальняюча здалі ўступныя іспыты, неабходныя для паступлення на названую спецыяльнасць або напрамак спецыяльнасці.

Залічэнне пройдзе па 31 ліпеня. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Мінадукацыі ў раздзеле "Абітурыенту", а таксама на сайтах саміх ВНУ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі