У Вілейскім раёне выкапалі стэнд, прысвечаны ўкраінскаму гетману

02/05/2018 - 13:31

У вёсцы Касута Вілейскага раёна знік інфармацыйны стэнд пра аўтара першай украінскай Канстытуцыі, ураджэнца Беларусі Піліпа Орліка. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі мясцовыя грамадскія актывісты.

“Злачынства было здзейсненае паміж 27 і 30 красавіка, прыкладна за месяц да дня смерці Піліпа Орліка. Хутчэй за ўсё, інфармацыйны стэнд быў знішчаны не з хуліганскіх памкненняў, а з палітычных”, ― паведамляецца ў лісце, што прыйшоў на пошту Еўрарадыё.

Але, як даведалася Еўрарадыё, гэта ўсё ж не было актам вандалізму. Па словах старшыні Крывасельскага сельвыканкама Ірыны Супрановіч, мясцовыя ўлады забралі стэнд… на рэканструкцыю.

“У нас там вада ― два-тры гады, і слупы неабходна замяняць. Гэты стэнд усталявалі гады чатыры ці пяць таму, і там адна стойка згніла, а другая моцна падгніла. Таму, буду набываць цэмент, замяняць абодва слупы, і будзем цэментаваць ды ўсталёўваць. Думаю, цягам месяца мы павінны ўсё гэта зрабіць”, ― кажа старшыня сельсавета.

Набываць неабходныя матэрыялы і ўсталёўваць стэнд сельсавет будзе за ўласныя сродкі, кажа Ірына Супрановіч. А месяц на працы спатрэбіцца таму, што на балансе сельсавета 28 помнікаў, частка з іх патрабуе тэрміновага рамонту, а працаваць няма каму, бо “паўтара чалавека ў штаце”.

Стэнд быў усталяваны вілейскімі краязнаўцамі 2 верасня 2015 года ля каменя ў памяць Піліпа Орліка, на месцы, дзе ўкраінцы збіраюцца паставіць помнік гетману.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі