У Віцебску затрымалі мясцовага "сматрачага"

18/04/2018 - 15:00

У Віцебску міліцыя затрымала двух крымінальных "аўтарытэтаў" рэгіёну, паведамляецца на сайце ведамства. Затрыманні адбыліся 5 і 9 красавіка пры сілавой падтрымцы АМАПу.

5 красавіка быў затрыманы 52-гадовы віцяблянін, неаднаразова судзімы. У крымінальным асяроддзі ён праходзіў як "сматрачы за Віцебскам". Паведамляецца, што ў дзень затрымання ён падбухторваў двух грамадзян да дачы хабару службовым асобам пракуратуры і суда Віцебска. Гаворка ішла пра 4500 долараў і 600 рублёў. За гэтыя грошы абвінавачанаму, які знаходзіцца ў СІЗА Віцебска, нібыта мусілі змяніць меру стрымання і прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Частку грошай мужчына атрымаў. 

6 красавіка на затрыманага пачалі дзве крымінальныя справы — за падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры і за махлярства ў буйным памеры. Сам мужчына ўзяты пад варту і змешчаны ў СІЗА Віцебска.

Другі затрыманы — непрацуючы 41-гадовы раней судзімы віцяблянін. Яго падазраюць, што з 2016 года па снежань 2017-га махлярскім шляхам завалодаў буйной сумай грошай мясцовага жыхара. Ён узяўся дапамагчы ў вяртанні грошай ад даўжніка, спасылаючыся на свой уяўны аўтарытэт у крымінальных колах. Даўжнік стаў вяртаць грошы, але да гаспадара яны так і не дайшлі. У выніку даўжнік звярнуўся ва ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

Таксама мужчына пад пагрозай гвалту і з ужываннем гвалту прымушаў пацярпелага аплачваць крэдыт у памеры больш за 2 тысячы рублёў, аформлены на іншую асобу. Грошы пералічваліся як на банкаўскую картку падазраванага, так і перадаваліся з рук у рукі: штомесяц ён атрымліваў ад ахвяры 150 долараў, у тым ліку за так званае "крымінальнае заступніцтва".

На мужчыну пачалі крымінальныя справы за махлярства ў буйным памеры, вымагальніцтва з пагрозай ужывання гвалту і ужываннем гвалту. Яго арыштавалі і змясцілі ў СІЗА Віцебска.

Фота: uvd.vitebsk.gov.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі