У Верхнім горадзе невядомыя паглуміліся са "свабоднага піяніна"

10/09/2019 - 15:16
"Свабоднае піяніна" на вуліцы Герцэна ў Мінску / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

У пачатку лета ў дворыку на вуліцы Герцэна ў Мінску паставілі піяніна. Кожны вечар побач з інструментам збіраліся аматары музыкі: хтосьці іграў, хтосьці слухаў. Часам вулічныя канцэрты не сціхалі да глыбокай ночы. Але цяпер дворык замоўк: хтосьці "з мясам" выдраў з піяніна клавішы, зламаў верхняе века... Збоку здаецца, што па інструменце скакалі і білі яго сякерай.

"Праект "Свабоднае піяніна" мы запусцілі яшчэ летась, каб людзі маглі вырвацца з руціны і далучыцца да творчасці, — расказвае дырэктар музычнай школы Jam Віталь Уэльскі. — З гэтай жа мэтай праводзім у дворыку канцэрты, сёлета падчас Дня Грузіі тут выступалі нашы вучні і педагогі. Атрымалася сапраўднае свята. Было класна".

Дырэктар кажа, што інструмент купілі з рук. За свае грошы ініцыятары праекта заказалі грузчыкаў і грузавую машыну, вывезлі інструмент, настроілі, а мастакі яго размалявалі.

 

"Пакуль на піяніна можна было іграць, мы некалькі разоў запрашалі ў дворык майстра з канцэртнай залы "Верхні горад", які яго настройваў", — дадае Віталь.

Тое, што інструмент зламалі, дырэктара музычнай школы не здзівіла. Летась з піяніна паглуміліся яшчэ горш. Рэшткі звезлі, а гэтым летам на Герцэна паставілі новы інструмент. Яго зноў сапсавалі. Налета сцэнарый паўторыцца: зноў трэба шукаць прадаўца, траціць грошы на грузчыкаў і перавозку, клікаць настройшчыка і мастакоў.

 

"Вядома, шкада, а што рабіць? — кажа дырэктар. — Змяніць гэта я не магу. Была ідэя прыбіраць піяніна ноччу ў школу, але яно цяжкае. Зачыняць на ключык? Але тады гэта ўжо не "свабоднае піяніна". Спрабавалі накрываць інструмент чахлом, які змог бы абараніць яго ад вільгаці. Але чахол хутка разадралі хуліганы".

Віталь не лічыць, што праблема выключна ў некультурных беларусах. Кажа, што жыў у Англіі і там моладзь адрываецца яшчэ горш. Ілюзій наконт таго, што інструмент, пакінуты без нагляду, ніхто не зламае, у аўтараў праекта не было. "Але чалавек сталее, змяняецца і пачынае разумець каштоўнасць рэчаў", — аптымістычна дадае дырэктар.

P. S. "Піяніна на вуліцы" ўжо некалькі гадоў працуе ў Чэхіі. Першы інструмент з'явіўся да ўрачыстасцяў, якія праходзілі побач з кафэ на Крымскай вуліцы ў Празе. Праект прыцягнуў увагу СМІ і грамадскасці. Зараз некалькі дзясяткаў інструментаў стаяць у розных кутках краіны.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі