У судзе хлопец з Любані паабяцаў, што больш не будзе адрываць галовы галубам

27/11/2019 - 08:42

Суд Салігорскага раёна пакараў 20-гадовага хлопца, які жорстка забіў галубоў, папраўчымі працамі на адзін год з утрыманнем 25% заробку. Як паведамляе kurjer.info, Арцёму Крукаву 20 гадоў, ён — ураджэнец вёскі Жароўка Любанскага раёна. З арміі яго камісавалі па хваробе, вучыўся ў будаўнічай вучэльні.

Міліцыя затрымала вяскоўца 31 жніўня ў Салігорску. Жыхарка 12-павярховага жылога дома выклікала міліцыянераў пасля таго, як з верхняга паверха невядомы выкінуў сем галубоў з адарванымі галовамі і лапамі. Падазраванага затрымалі, ён быў у стане алкагольнага ап'янення. Малады чалавек заявіў следчым, што лавіў і забіваў птушак, паколькі яны яго запэцкалі, што яго раз'юшыла.   

"Калі прыйшоў да сябе, падумаў, што я раблю? За гэты час забіў сем галубоў і выкінуў іх з акна, — успамінае Крукаў. — Унізе былі людзі і нарад міліцыі. Хацеў збегчы, але не атрымалася: затрымала міліцыя, закруцілі рукі, надзелі кайданкі".

Пасля затрымання хлопец прасядзеў трое сутак у ізалятары, яго аглядалі псіхіятры ("думалі, што неадэкватны", кажа асуджаны). Да суда вясковец знаходзіўся на волі.

Крукава прызналі вінаватым у жорсткім абыходжанні з жывёламі, што пацягнула іх гібель. "А дзе я працаваць буду? — спытаў асуджаны ў судзе. — У вёсцы працы няма". "Працу вам знойдуць, не турбуйцеся!" — супакоіў пракурор. Ён, дарэчы, прапанаваў хлопцу папрасіць прабачэння. "Прашу прабачэння, такога больш не будзе", — сказаў Арцём Крукаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі