У Слоніме аштрафавалі кандуктараў аўтобусаў, якія працавалі без масак

20/12/2021 - 10:42
Абавязковы масачны рэжым у Беларусі па патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі адмянілі, але некаторыя патрабаванні засталіся / БЕЛТА​

У Слоніме аштрафавалі кандуктараў і кіроўцаў грамадскага транспарту, якія выходзілі на маршрут без масак, піша "Газета Слонімская".

Выданне нагадвае, што знаходзіцца без маскі ў грамадскім месцы можна, калі там ёсць магчымасць выконваць дыстанцыю 1,5-2 метры. У кіроўцаў і кандуктараў у грамадскім транспарце такой магчымасці няма. Яны павінныя насіць маскі.

З пачатку года Слонімскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі правёў 27 праверак транспартных арганізацый, якія займаюцца перавозкай пасажыраў. Па іх выніках было выпісана 15 рэкамендацый, сфармулявана некалькі хадайніцтваў аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці, 6 чалавек пакаралі.

У дачыненні да кандуктараў і кіроўцаў, якіх паўторна злавілі на ігнараванні супрацьэпідэмічных правілаў, складзеныя тры адміністрацыйныя пратаколы.  

Эпідэміёлагі нагадваюць, што з улікам пандэміі і сезону грыпу насіць маскі ў грамадскіх месцах мае сэнс і пасажырам.

Абавязковы масачны рэжым у Беларусі быў адменены ў кастрычніку пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Патрабаванне насіць маскі ва ўмовах пандэміі ён назваў "здзекам з людзей". Пазней ён развіў думку і сказаў, што масачны рэжым адмянілі, таму што людзі проста не ўмеюць правільна насіць маскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі