У школьных сталоўках Гродзеншчыны за кухарамі будуць сачыць відэакамеры

23/01/2019 - 05:57

Работнікі школьных сталовак Гродзеншчыны цяпер увесь час будуць працаваць пад вокам відэакамер. Іх усталявалі ў сталоўках усіх устаноў адукацыі вобласці, паведамляе тэлеканал АНТ.

Такія меры называюцца вымушанымі: тут сістэматычна выяўляюць нядобрасумленных кухараў, якія парушаюць санітарныя нормы, тэхналогію прыгатавання страваў, а лішняе забіраюць дадому. Толькі летась да дысцыплінарнай адказнасці за парушэнні прыцягнулі амаль 450 чалавек. А больш за 20 работнікаў і ўвогуле звольнілі, у тым ліку за крадзяжы прадуктаў.

Камеры працуюць кругласутачна. З іх дапамогай можна пабачыць, у колькі работнікі кухні прыйшлі на працу, калі прывезлі прадукты, як гатаваліся абеды.

У самых "прасунутых" школах работнікі кухні маюць карткі доступу і выходзяць з будынка толькі праз турнікеты. Пры гэтым ахова мае права праверыць, што нясе з сабою супрацоўнік. Інфармацыя захоўваецца на серверы месяц. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі