У сераду пачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ

01/05/2018 - 15:03

Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні пройдзе з 2 траўня па 1 чэрвеня. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

Пры рэгістрацыі абітурыент мусіць прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу, падаць заяву, аплаціць прыём і афармленне дакументаў і атрымаць пропуск. Калі абітурыент не можа сам прыбыць у пункт рэгістрацыі з паважных прычынаў, то дакументы на рэгістрацыю для ўдзелу ў ЦТ могуць падаць законныя прадстаўнікі непаўналетніх абітурыентаў або прадстаўнікі абітурыентаў, якія дзейнічаюць на падставе даверанасці.

Сёлета ЦТ пачнецца 12 чэрвеня з іспытаў па беларускай мове. 14 чэрвеня адбудуцца тэсты па рускай мове, 16 чэрвеня — па грамадазнаўстве, 18 чэрвеня — па матэматыцы, 20 чэрвеня — па біялогіі, 22 чэрвеня — па замежных мовах (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), 24 чэрвеня — па хіміі, 26 чэрвеня — па фізіцы, 28 чэрвеня — па гісторыі Беларусі, 30 чэрвеня — па геаграфіі. Апошні іспыт на ЦТ пройдзе 2 ліпеня — па сусветнай гісторыі (найноўшы час).

Міністэрства адукацыі вызначыла таксама графік правядзення ЦТ у рэзервовыя дні. Месцам яго правядзення абраны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. На 6 і 10 ліпеня запланаванае ЦТ па грамадазнаўстве, матэматыцы, біялогіі, замежных мовах, хіміі, фізіцы, гісторыі Беларусі, геаграфіі, сусветнай гісторыі (найноўшы час). Іспыты па беларускай і рускай мовах адбудуцца 6 і 8 ліпеня. Для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні абітурыенты могуць зарэгістравацца з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі