У Расіі прызналі "экстрэмісцкім аб'яднаннем" сям'ю

02/07/2024 - 15:16

Аляксандр і Лідзія Няўзоравы / Instagram

У Расіі прызналі "экстрэмісцкім аб'яднаннем" сям'ю — журналіста Аляксандра Няўзорава і яго жонку Лідзію. І забаранілі іх дзейнасць. Такое рашэнне 2 ліпеня прыняў Кастрычніцкі раённы суд Пецярбурга, піша novayagazeta.eu. Гэта першы выпадак прызнання сям'і "экстрэмісцкім аб'яднаннем" у Расіі, адзначае выданне.

У Няўзоравых канфіскавалі ўсю маёмасць, якую знайшлі: тры зямельныя ўчасткі, жылы дом, аўтамабіль і долі ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю (раней журналіст казаў, што яго не хвалюе маёмасць, якая засталася ў Расіі).

Аляксандр і Лідзія Няўзоравы з'ехалі з Расіі неўзабаве пасля 24 лютага 2022-га, калі Расія ўварвалася ва Украіну. Летась Няўзорава завочна асудзілі ў РФ да 8 гадоў зняволення па справе аб "фэйках" пра расійскую армію, яго аб'явілі ў вышук.

Аляксандр Няўзораў — не толькі вядомы журналіст, але і публіцыст. Ён жорстка крытыкуе рэжым Уладзіміра Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі