У Польшчы затрымалі беларуса — "злодзея ў законе"

10/03/2026 - 17:25

Кайданкі, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Цягам апошняга года ў Польшчы затрымалі пяцярых крымінальных аўтарытэтаў з краін былога СССР — "злодзеяў у законе". Чацвёра з іх — грамадзяне Грузіі, а пяты — грамадзянін Беларусі. Пра гэта паведамляе польскае RMF FM са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах.

Паведамляецца, што затрымлівалі "злодзеяў у законе" супрацоўнікі Цэнтральнага следчага ўпраўлення паліцыі (CBŚP) Польшчы. Месцазнаходжанне падазраваных удалося выявіць дзякуючы аператыўнай працы і міжнароднаму супрацоўніцтву.

Але далей лёс затрыманых вырашае ўжо памежная служба. Даказаць, што яны здзяйснялі злачынствы непасрэдна на тэрыторыі Польшчы, даволі складана, таму ўлады выкарыстоўваюць адміністрацыйныя меры. Затрыманых адпраўляюць у закрытыя цэнтры для замежнікаў, пасля чаго вырашаюць прымусова дэпартаваць іх з краіны праз пагрозу грамадскай бяспецы. Частку затрыманых ужо дэпартавалі, па астатніх працягваюцца адміністрацыйныя працэдуры і разгляд іх апеляцый.

Польскія сілавікі наракаюць на цяжкасці з дэпартацыяй. У прыватнасці, праблемы ўзнікаюць пры вяртанні іх на радзіму. Напрыклад, у Грузіі дзейнічае норма, якая дазваляе пазбаўляць грамадзянства людзей, якія маюць статус злодзея ў законе ў крымінальнай іерархіі.

Улады Беларусі і Расіі таксама не хочуць прымаць такіх грамадзян і ствараюць дадатковыя перашкоды ці вызначаюць складаныя ўмовы для іх вяртання.

Паводле ацэнак міжнародных арганізацый, у ЕС могуць перабываць каля 300 чалавек са статусам "злодзея ў законе". Польскія праваахоўнікі лічаць гэтую лічбу завышанай і называюць колькасць у 50 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі