У Польшчы асудзілі беларуса за шпіянаж на карысць Расіі

27/09/2024 - 06:24

У акруговым судзе Любліна / lublin.tvp.pl

У Польшчы асудзілі беларуса за шпіянаж на карысць Расіі. Уладзіслаў П. быў у складзе групы, якая збірала звесткі пра транспартную інфраструктуру Польшчы і планавала дыверсію. Акруговы суд Любліна асудзіў яго на 2 гады і 6 месяцаў зняволення і штраф у памеры 10 тысяч злотых. Украінец Максім Л. з той жа групы атрымаў 6 гадоў пазбаўлення волі і 15 тысяч злотых штрафу. Яны павінны заплаціць па 5 тысяч злотых у фонд дапамогі пацярпелым.

Пра затрыманне ў Польшчы групы людзей, якія падазраваліся ў шпіянажы на карысць Расіі, стала вядома 15 сакавіка 2023-га. Сцвярджаецца, што затрыманыя ў студзені-сакавіку 2023 года ў розных рэгіёнах Польшчы, у тым ліку і ў Варшаве, збіралі інфармацыю пра аб'екты крытычнай інфраструктуры (асабліва іх цікавілі вайсковыя аб'екты і марскія парты). Даныя перадавалі замоўцам з расійскай разведкі, за што атрымлівалі грошы. Таксама ўдзельнікі сеткі рыхтавалі дыверсіі (планавалі ўзарваць цягнік са зброяй для Украіны), займаліся прарасійскай прапагандысцкай дзейнасцю (распаўсюджвалі ўлёткі, налепкі, малявалі графіці).

Большасць удзельнікаў групы былі асуджаны ў снежні 2023-га. Справу Уладзіслава П. і Максіма Л. вылучылі ў асобную вытворчасць. Іх судзілі з вясны 2024-га. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі