Варшава / LookByMedia
Ваенныя планіроўшчыкі, якія супрацоўнічаюць з НАТО, лічаць, што Еўропа цяпер не здольная вытрымаць працяглую вайну на знясіленне з Расіяй. Пра гэта паведамляе The Guardian са спасылкай на канферэнцыю па будучыні ваеннай каардынацыі ў Еўропе, якая прайшла на бягучым тыдні.
На думку планіроўшчыкаў, еўрапейскае грамадства можа аказацца не гатовым падтрымліваць працяглае ваеннае супрацьстаянне, таму НАТО неабходна зыходзіць са сцэнарыя адносна кароткага канфлікту. Асцярогі ўзмацняюцца на фоне падрыхтоўкі ЗША да скарачэння абарончых абавязацельстваў у Еўропе і росту падтрымкі папулісцкіх сіл у найбуйнейшых еўрапейскіх ваенных дзяржавах.
Адзін з нядаўна прызначаных членаў брытанскага кабінета прызнаў, што Захад дрэнна тлумачыў насельніцтву маштабы гібрыднага супрацьстаяння з Расіяй.
Урадам даводзіцца пераконваць выбаршчыкаў скарачаць сацыяльныя выдаткі дзеля павелічэння абарончых расходаў.
На канферэнцыі таксама абмяркоўваліся асцярогі, што Расія можа выйграваць гібрыднае супрацьстаянне з Еўропай, выкарыстоўваючы палітычныя і сацыяльныя супярэчнасці. Па словах аднаго з дыпламатаў, пасля заканчэння халоднай вайны Масква атрымала магчымасць эксплуатаваць трывогі еўрапейскага грамадства "як злева, так і справа".
Паводле выдання, гэта можа спрыяць росту правапапулісцкіх сіл на выбарах наступнага года ў Польшчы, Францыі і Італіі. Большасць папулісцкіх партый, уключаючы нямецкую "Альтэрнатыву для Германіі", сімпатызуюць Расіі, адзначае The Guardian.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут