У МЗС Польшчы пракаментавалі перавод у Беларусі пад хатні арышт Анжалікі Борыс

29/03/2022 - 10:17

У МЗС Польшчы пракаментавалі перавод з СІЗА пад хатні арышт Анжалікі Борыс, старшыні непрызнанага ўладамі Беларусі саюзу палякаў. Прэс-сакратар польскага знешнепалітычнага ведамства Лукаш Ясіна заявіў на брыфінгу, што Борыс "адпачывае і спрабуе набрацца сіл пасля таго, што з ёй здарылася". Ён нагадаў, што яна знаходзілася за кратамі ў цяжкіх умовах.

У Варшаве адзначаюць, што сітуацыя з пераводам Борыс пад хатні арышт не змяніла меркавання пра сутнасць беларускага рэжыму. У МЗС Польшчы няма пазітыўных вестак пра іншага актывіста саюза палякаў Анджэя Пачобута, які застаецца за кратамі. Там спадзяюцца, што і ён зможа "уз'яднацца са сваёй сям'ёй", і для гэтага робіцца ўсё магчымае.

Неафіцыйная інфармацыя пра тое, што Анжаліку Борыс перавялі пад хатні арышт і яна ў вёсцы пад Гродна, з'явілася 25 сакавіка. Цяпер яна пацверджана афіцыйна.

Борыс і Пачобута затрымалі вясной 2021-га, іх абвінавачваюць у "наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы", а таксама ў "рэабілітацыі нацызму". Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі