У МУС Беларусі распавялі, як махляры карыстаюцца сітуацыяй з каранавірусам

06/04/2020 - 14:48

У МУС Беларусі распавялі, як махляры карыстаюцца сітуацыяй з каранавірусам. Міліцыя прыводзіць самыя разнастайныя прыклады з дзейнасці кібермахлярства. Напрыклад, зламыснікі прапануюць перавесці грошы ў фонд дапамогі беларусам, якія не могуць вярнуцца на радзіму. Такую прапанову атрымаў жыхар Міншчыны, але ён не паверыў і звярнуўся да міліцыянераў.

Найчасцей махляры выкарыстоўваюць тэлефанаванні. Часам яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных органаў, пераконваюць, што прынятае рашэнне пра разавую выплату дапамогі насельніцтву для супрацьдзеяння каранавірусу (на набыццё масак, тэстаў). І просяць паведаміць персанальныя дадзеныя банкаўскай карткі, пасля чаго грошы з яе знікаюць.

Яшчэ адзін прыклад махлярства — стварэнне сайтаў, на якіх нібыта прадаюцца тэсты на каранавірус. Спасылкі на іх дасылаюцца на электронную пошту. Схема простая: кліенту прапануюць аплаціць тэст, пасля чаго кур'ер прывязе тавар. Аднак нічога не дастаўляецца. Больш таго, зламыснікі завалодваюць персанальнымі звесткамі карт-рахунка.

Небяспеку для беларусаў утрымлівае і так званая рассылка ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая прыходзіць таксама на электронную пошту. Там прапануецца націснуць на спасылку, каб пазнаёміцца са статыстыкай па каранавірусе ў Беларусі. Аднак замест яе адбываецца актывізацыя шкоднай праграмы, якая блакуе функцыянал камп'ютара і патрабуе пераводу грошай за разблакіроўку.

Акрамя таго, міліцыя папярэджвае пра фэйкі, якія з'яўляюцца ў інтэрнэце. Прыводзіцца прыклад, калі з'явілася фота, апрацаванае ў фоташопе — нібыта ад лекараў уцякаў пацыент.

@pressmvd

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі