Замест даваенных дамоў — "комплексы": у Мінску будуць зносіць старую Серабранку

09/04/2019 - 12:35

У Ленінскім раёне скончылася грамадскае абмеркаванне забудовы Аранаў, Малой Серабранкі і Сакалянкі згодна з новым генпланам Мінска. Прыватныя дамы, у некаторых з якіх людзі жывуць ужо ў пятым пакаленні, плануецца знесці. На іх месцы (а некаторыя хаты пабудаваныя яшчэ да Другой сусветнай) пашыраць парк і ўзвядуць "комплекс грамадскіх будынкаў".

Мясцовыя ўлады ўжо распрацавалі праект забудовы, хоць інвестара пакуль не знайшлі. Раённая адміністрацыя скардзіцца, што дамы і ўчасткі ў прыватным сектары недагледжаныя. Таму іх трэба знесці. Жыхары Малой Серабранкі не супраць за свае грошы зрабіць рэканструкцыю дамоў, але гэта забаронена прыродаахоўным заканадаўствам.

Ці здолеюць мясцовыя жыхары захаваць прыватны аазіс у цэнтры Мінска, і якія ёсць варыянты вырашэння сітуацыі, разбіраўся карэспандэнт Еўрарадыё.

 

Інвестара няма, але праект ужо зрабілі

Да працы камісіі дапусцілі некалькіх прадстаўнікоў мясцовай супольнасці. Адзін з іх — Ігар Хмара. Ён распавядае Еўрарадыё, што праект распрацавалі без уліку меркаванняў жыхароў:

"Мясцовыя жыхары катэгарычна супраць зносу. Яны хочуць жыць на сваёй зямлі, у сваім доме, атрымаць усе дазволы на рэканструкцыю, тым самым інвестуючы ў свой раён і паляпшаючы яго знешні выгляд”.

На думку Ігара, у раёне і так дастаткова грамадскіх будынкаў: і пабудаваных, і тых, што плануюцца:

“На левым беразе Свіслачы збіраюцца знесці дамы, каб пабудаваць грамадскія будынкі. Але ёсць, напрыклад, грамадскі комплекс Novotel, які дабудуюць пасля Еўрапейскіх гульняў. Для былога Чэрвеньскага рынка таксама знайшлі інвестара”.

А інвестара, які б будаваў грамадскія будынкі на месцы зруйнаваных дамоў, пакуль няма, гэта не адмаўляюць у раённай адміністрацыі.

"Адміністрацыя сцвярджае, што распрацоўвае гэты праект на перспектыву, каб было гатовае функцыянальнае прызначэнне тэрыторыі, калі прыйдзе інвестар. Але навошта распрацоўваць праект, калі няма інвестара? Навошта марнаваць бюджэтныя сродкі? На Сакалянцы яшчэ невядома, што будуць будаваць, але там таксама не плануюць прыватны сектар захоўваць", — тлумачыць Ігар Хмара.

 

Генплан: што плануюць знесці і што хочуць пабудаваць замест прыватнага сектара

Згодна з новым генпланам, некалькі "астравоў" з прыватнай забудовай, што знаходзяцца ў цэнтральнай зоне горада, трэба знесці.

У праекта некалькі этапаў рэалізацыі.

Першы этап — да 2021 года — прадугледжвае добраўпарадкаванне. У раёне можа з'явіцца рэстаран хуткага абслугоўвання.

Другі этап плануюць рэалізаваць пасля скарачэння санітарна-ахоўных зон. Знікне некалькі вуліц па абодвух берагах Свіслачы: Лугавую, Палявую, Палескую, Аранжарэйную, а таксама завулак Лугавы. Пад знішчэнне трапляе і кампактная прыватная забудова ў былым паселішчы Малая Серабранка ў межах вуліц Серабранскай — Маласерабранской — Крайняй — Індустрыяльнай.

На месцы Малой Серабранкі на левым беразе Свіслачы павінны з’явіцца выставачна-дэманстрацыйны комплекс, культурна-асветніцкі комплекс, будынак з каврнямі і інфацэнтрам, забаўляльна-спартыўны комплекс. Вакол грамадскага комплексу праекціроўшчыкі бачаць парк са спартыўнымі і дзіцячымі пляцоўкамі.

Прадстаўніца архітэктурнай супольнасці, архітэктарка Вольга Вечар распавяла, што яны ўжо не першы год змагаюцца супраць хаатычнай агрэсіўнай забудовы Мінска:

“Мы выступаем супраць укаранення ва ўсе гістарычныя кварталы гэтых гіганцкіх будынкаў. Супраць нявечання Мінска, надання яму неўласцівага яму аблічча. Мінск ператвараюць у пародыю на азіяцкія гарады-гіганты, з-за гэтага перакрываюцца аглядныя віды і панарамы. І гэтыя каменныя гета ўзнікаюць і запаланяюць увесь Мінск. Мы змагаемся за захаванне прыватнага сектара, таму што гэта адзіны апошні камфортны жыццёвы асяродак. Калі раней людзі хацелі з'ехаць з сваіх прыватных дамоў у кватэры, то цяпер яны, наадварот, добраўпарадкавалі свае дамы і хочуць там жыць".

 

Рэшткі старога драўлянага Мінска

Складана сказаць дакладна, калі паўвостраў на рацэ Свіслач стаў актыўна засяляцца, але ўжо на картах 1920-30-х гадоў там пазначаліся жылыя дамы. Частка мясцовых жыхароў распавядае, што яны там жывуць у пятым пакаленні, а ўчасткі рэгістравалі іх продкі яшчэ напачатку мінулага стагоддзя. Цалкам магчыма, што частка дамоў, што дагэтуль захаваліся там, былі пабудаваныя яшчэ ў тыя часы.

Менавіта гэты раён гістарычна называўся Серабранкай. Частка вуліц да гэтага часу носіць тапонімы накшталт вуліца Серабранская, вуліца Маласерабранская і завулак Серабранскі. Там захаваліся рэшткі той вясковай атмасферы, з якой цяпер Серабранка ўжо зусім і не асацыюецца.

Гэта невялікі аскепак старога аднапавярховага драўлянага Мінска, якога практычна не засталося. З аднаго боку ён адрэзаны ад горада бетоннымі платамі ЦЭЦ, а з другога боку — водамі Свіслачы. Гэта ціхі ўтульны куток у межах другога транспартнага кола. Яго варта захоўваць і ахоўваць.

Вонкава ён як быццам захаваў вясковы ўклад. Тут брэшуць сабакі з-за плота і квохчуць куры. Самотны маргінальны п'яніца шаркае па пустых паўдзённых дарогах. Тут печы і грубкі, тут пахне дымам. Хтосьці топіць дровамі, а нехта ўжо брыкетам з торфу. Тарфяны пах не забываецца, калі хоць раз яго чуў. Людзі носяць ваду вёдрамі з калонак. У кагосьці яны ёсць свае, а нехта карыстаецца грамадскімі. Цяпер такое рэдка сустрэнеш.

Горад за ракой шумеў і ўжо на ўсю моц жыў. На часах быў поўдзень, але тут час не жыве па гарадскіх правілах. Тут ён рухаецца па іншаму.

Некалькі участкаў пустуюць. Дзесьці засталіся напаўразбураныя дамы, тырчаць быццам гнілыя зубы. На жаль, калі ў зямлі няма гаспадара, які б мог яе прадаць, то нічога не зробіш. Тэрыторыі, якія пустуюць, адміністрацыя адмаўляецца выставіць на аўкцыён, спасылаючыся на тое, што ў зоне ЛР 27 забаронена будаўніцтва сядзіб.

Шанец захаваць прыватны сектар ёсць

Пасля пасяджэння камісіі Ігар Хмара распавёў Еўрарадыё, што праз пяць дзён, якія прадугледжаныя заканадаўствам, мясцовыя жыхары сфармулююць усе свае меркаванні наконт генплана і падпішуць пратакол пасяджэння камісіі.

На самім абмеркаванні мясцовыя жыхары прапанавалі чыноўнікам рацыянальна выкарыстоўваць землі ў сядзібнай забудове, якія пустуюць. На іх думку, гэтыя ўчасткі мэтазгодна выставіць на аўкцыён. Пры гэтым горад атрымае прыбытак ад продажу зямельных участкаў, а таксама карысць ад граматнай эксплуатацыі гарадской прасторы:

“Падымалася пытанне, як плануецца добраўпарадкаваць раён, калі людзі застануцца тут жыць. Жыхары гатовыя рэканструяваць дамы, абнавіць зямельныя надзелы, добраўпарадкаваць зялёную зону. Аднак уласнікам сядзіб неабходныя гарантыі, што іх маёмасць у бліжэйшыя дзесяцігоддзі застанецца недатыкальнай для інвестараў.

На прапанову правесці аўкцыёны па продажы зямлі нам адказалі, што ў ландшафтна-рэкрэацыйнай зоне (ЛР) землі пад сядзібы не выдзяляюць. Добраўпарадкаванне мы можам праводзіць самі, выходзіць на суботнікі”.

Прыватнаму сектару далі адтэрміноўку

Сярод пазітыўных момантаў Ігар адзначыў прапанову намесніка старшыні адміністрацыі раёна Сяргея Павачка занесці ў пратакол папраўку да праекта: каб знос адбыўся не раней за 2031 год. Першапачаткова прыватны сектар планавалі знесці на другім этапе, пасля 2021 года:

“Гэты варыянт нас як жыхароў задавольвае, але мы ўвогуле змагаемся за тое, каб застацца жыць у гэтым месцы без зносаў і атрымаць дазвол на рэканструкцыю. Але, калі разбор гэтага пытання пасунуць яшчэ на дзесяць гадоў, то гэта лепш, чым рэалізацыя праекта праз два гады. Магчыма, улада прыслухаецца да меркаванняў жыхароў”.

Сапраўды, згодна з пунктам 2.5.2.2 рэгламенту генплана, у ландшафтна-рэкрэацыйных зонах дапускаецца захаванне раней асвоеных тэрыторый іншага тыпу, у прыватнасці, сядзібнай жылой забудовы. Параметры рэканструкцыі такіх тэрыторый усталёўваюцца дэтальным планам. То бок сістэма рэгламентаў не замінае захаванню прыватных дамоў, аднак у адміністрацыі раёна вырашылі не разглядаць гэты варыянт, а ўсё адправіць пад знос.

“Я думаю, што шанец захаваць прыватны сектар ёсць, — кажа Ігар Хмара. — У такіх пытаннях важна паказаць, што зацікаўленыя самі жыхары, а не нейкія актывісты ці грамадскасць іншых раёнаў. Тут важна тое, што самі жыхары ў пераважнай большасці катэгарычна супраць зносу, плануюць заставацца. Людзі пакупалі тут дамы, будавалі, рэстаўравалі. І яны не разумеюць, чаму “Мінскграда” не разглядае варыянт захаваць тут прыватны сектар".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі