У мінскіх школах адкрыюць аграрныя, інжынерныя і чыгуначныя класы

25/08/2023 - 18:21

"Вялікія магчымасці пашырэння сеткі профільнага навучання прафесійнай накіраванасці" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У мінскіх школах упершыню адкрыюць аграрныя, інжынерныя і чыгуначныя класы. А колькасць "вайскова-патрыятычных" класаў павялічылі ў 5 разоў. Пра гэта паведаміла намесніца старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людміла Барысенка. Паводле яе слоў, у новым навучальным годзе з'явіліся "вялікія магчымасці пашырэння сеткі профільнага навучання прафесійнай накіраванасці ў старэйшых класах". Інжынерныя класы з'явяцца ў 16 школах, аграрныя — у двух, чыгуначныя — у адной. У мінулым навучальным годзе дзейнічалі 9 транспартных класаў чыгуначнай накіраванасці, у іх навучалася больш за 200 вучняў у Баранавічах, Лунінцы, Лідзе, Магілёве і Гомелі. У новым навучальным годзе яны з'явяцца ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Брэсце, Жлобіне і Калінкавічах.

Гаворачы пра аграрныя класы, Барысенка адзначыла, што гэта "немалаважна для эканомікі краіны". У інжынерных класах будуць рыхтаваць "на ранняй стадыі" высокакваліфікаваныя кадры. "У такіх класах дзеці на павышаным узроўні вывучаюць фізіку, матэматыку, хімію, біялогію і геаграфію", — дадае чыноўніца.

Ва ўсе класы прафесійнай накіраванасці ёсць адбор. Па профільных прадметах у дзевяцікласнікаў не павінна быць адзнак ніжэйшых за 7 балаў, а сярэдні бал пасведчання аб базавай адукацыі таксама мусіць быць не ніжэйшы за 7. Выключэнне — толькі для аграрных класаў, у якіх дастаткова сярэдняга балу пасведчання аб базавай адукацыі не ніжэйшага за 5, а адзнакі па профільных прадметах мусяць быць не ніжэйшымі за 6. У атэстаце ў выпускніка будзе запіс аб тым, што ён асвоіў згаданы курс. Мяркуецца, што гэта будзе ўлічвацца працадаўцамі ці пры паступленні ў ВНУ.

Як паведамляе minsknews.by, колькасць "вайскова-патрыятычных" класаў у сталіцы ў параўнанні з мінулым годам павялічылася у 5 разоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі