У Мінскай вобласці пачалі адключаць ацяпленне

04/05/2017 - 16:47

У Мінскай вобласці адключаюць ацяпленне. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла начальнік аддзела цеплавой гаспадаркі і энергетыкі ГА "ЖКГ Мінскай вобласці" Таццяна Шмігельская.

Падачу цяпла ў кватэры пачалі адключаць 3 траўня. У гэты дзень камунальнікі адключылі ацяпленне ў Барысаўскім, Дзяржынскім, Валожынскім, Клецкім, Любанскім, Стаўбцоўскім і Уздзенскім раёнах. Сёння адключэнні працягнуліся ў Маладзечанскім, Нясвіжскім і Пухавіцкім раёнах.

Таццяна Шмігельская распавяла, што раёны ўжо адключалі ацяпленне ў красавіку, аднак потым ўключылі яго зноў. Выканкамы на месцах кіруюцца рашэннем Мінаблвыканкама, якое прынялі яшчэ 4 красавіка. У дакуменце няма канкрэтнай даты поўнага адключэння ацяплення. Паводле тэхнічнага кодэксу існуючай практыкі (ТКП), калі на працягу трох дзён сярэдняя тэмпература вонкавага паветра складае 8 градусаў цяпла, гэтага дастаткова, каб адключыць ацяпленне.

Пры паніжэнні тэмпературы выканкамы маюць права аднавіць падачу цяпла ў кватэры. Ацяпленне адміністрацыйных будынкаў вобласці спынілася ў красавіку. 

Дарэчы, гэты ацяпляльны сезон стаў адным з найбольш працяглых на Міншчыне: ён пачаўся ў першай дэкадзе кастрычніка 2016 года і дагэтуль не завяршыўся.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі