У Мінгарвыканкаме зробяць рамонт за 6 мільёнаў долараў

27/04/2017 - 12:20

Другі тыдзень у будынку Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ідзе рамонт. Бачна, што на другім паверсе Мінгарвыканкама рамантуюць кабінеты.

Еўрарадыё знайшло на сайце icetrade.by тэндар на гэты капрамонт. У адміністрацыйным будынку па праспекце Незалежнасці,8 зробяць падвясную столь, усталююць новую лесвіцу для выхаду на дах, заменяць ліфты, адрамантуюць дах і ганак.

Плануюцца дадатковыя санітарныя вузлы пры пакоях адпачынку для кіраўнікоў Мінгарвыканкама. Каштаваць гэта ўсё будзе… 6 мільёнаў долараў ці 11 439 455 рублёў.

“Там будзе комплексны капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Бо рамонт не рабіўся з 1964 года, з моманту, як будынак узвялі”, ― патлумачылі Еўрарадыё ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва “Захад”. Менавіта гэтая арганізацыя і замовіла рамонт для будынка гарадскога кіраўніцтва.

Нерабочы эскалатар-дармаед каля гандлёвага цэнтра “Сталіца” заменяць на звычайную лесвіцу за 75 тысяч долараў. Адпаведную заяўку таксама знаходзім на сайце дзяржзакупак.

“Там будзе проста спуск. Эскалатар там нейкі нерабочы быў першапачаткова. Будзе зручная лесвіца, добраўпарадкаваная, з пандусамі”, ― кажуць у Гардарбудзе, прадпрыемстве, якое размясціла тэндар.

За такія грошы і кватэру ў Мінску набыць можна, не толькі лесвіцу адрамантаваць

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі