Масква будзе падтрымліваць Беларусь, заявіў дырэктар дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва МЗС Расіі Дзмітрый Бірычэўскі. "Я думаю, што мы будзем абараняць нашага партнёра Беларусь, мы будзем дапамагаць нашым саюзнікам, — цытуе яго словы ria.ru. — А тое, што прыдумляюць заходнікі супраць Беларусі, выклікае абсалютна негатыўныя эмоцыі".
Прадстаўнік МЗС РФ выказаўся і наконт магчымага ўвядзення новых санкцый ЕС супраць Беларусі, уключна з забаронай транзіту расійскага газу. Бірычэўскі кажа, што Масква не можа "рэагаваць на тыя меры, якія ўведзены ў дачыненні іншай краіны". Паводле яго слоў, расійскі бок будзе абмяркоўваць сітуацыю "з партнёрамі" і глядзець, што магчыма зрабіць.
Калі раней Еўрасаюз уводзіў санкцыі супраць уладаў Беларусі з-за фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і масавага парушэння правоў чалавека, дык цяпер — з-за пасадкі пасажырскага самалёта і арышту Рамана Пратасевіча, Сафіі Сапега. У Бруселі рыхтуюць эканамічныя сектаральныя санкцыі.
Тым часам у МЗС РФ дапускаюць адключэнне Расіі ад глабальных плацёжных сістэм і заклікаюць падрыхтавацца да такога варыянту развіцця падзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут