Microsoft / pexels.com
У кампаніі Microsoft назвалі прычыну глабальнага збою Outlook і іншых сэрвісаў, які адбыўся 12 лістапада. Гэта праграмная памылка, якая трапіла ў абнаўленне сеткавых шлюзаў яшчэ ў ліпені 2026 года.
Дэфект ніяк не праяўляўся некалькі месяцаў. Але пры спалучэнні высокай нагрузкі і недахопе серверных магутнасцяў адбыўся маштабны збой. У самы цяжкі момант не адказвалі больш за 80% сервераў.
На гэта наклаліся адразу некалькі фактараў. Памылка ва ўнутраным працэсе Windows выклікала канкурэнцыю за рэсурсы і перагружала працэсары і памяць. Microsoft Teams пераключыўся на агульны сеткавы шлюз з Exchange Online, а амаль 14% яго серверных магутнасцяў не дзейнічалі ў выніку іншай няспраўнасці.
Паведамляецца, што падчас тэставання абнаўлення было выкарыстанае менш магутнае абсталяванне. А на новых шмат'ядравых серверах памылка праяўлялася больш моцна, чым на слабых.
Канчатковы разбор інцыдэнту Microsoft абяцае апублікаваць 20 лістапада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут