У Маскве патлумачылі, навошта атакуюць энергетыку Украіны — 268-я раніца вайны

18/11/2022 - 06:19
У выніку масіраванага абстрэлу Украіны 15 лістапада былі пашкоджана 15 аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры/ @V_Zelenskiy_official

Учора ў Кіеве зафіксавалі найбольшы аб'ём адключэнняў электраэнергіі. Пра гэта паведаміў кіраўнік украінскага пастаўшчыка энергарэсурсаў YASNO Сяргей Каваленка.

"Гэта адключэнне — рэкорд за ўвесь час", — заявіў ён. Па яго словах, людзі з скаргамі "знікла святло" пачынаюць тэлефанаваць яшчэ падчас абстрэлаў. Але "калі ляцяць ракеты над галавой", энергетыкі не гатовыя сказаць, "калі атрымаецца вярнуць святло".

Па стане на ўчорашні вечар больш за дзесяць мільёнаў украінцаў знаходзіліся без электрычнасці — з-за планавых і аварыйных адключэнняў, выкліканых расійскімі абстрэламі крытычнай інфраструктуры. Пра гэта казаў у традыцыйным звароце прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі. Больш за ўсё людзей без святла  знаходзяцца ў Вінніцкай, у Адэскай, Сумскай абласцях і ў Кіеве.

"Мы робім усё, каб нармалізаваць пастаўкі", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Нагадаем, у выніку масіраванага абстрэлу Украіны 15 лістапада былі пашкоджана 15 аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры. Яшчэ больш за 20 ракет расіяне запусцілі па Украіне ўчора. Учорашняя атака, па словах прэм'ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля, была нацэлена на газаздабычу і прадпрыемствы ў Дняпры.

У Расіі кажуць, што абстрэлы ўкраінскай крытычнай інфраструктуры — гэта спроба схіліць Кіеў да перамоваў.

"Адключэнне электрычнасці грамадзянам Украіны — наступства удараў па ваеннай інфраструктуры, справакаваных нежаданнем Кіева весці перамовы", — заявіў учора прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. Яго словы прыводзіць ТАСС.

Міністэрства замежных спраў Украіны параўнала гэта з дзеяннямі "Ісламскай дзяржавы".

"Расія дзейнічае як дзяржава-тэрарыстка. Заява Пяскова павінна адкрыць вочы некаторым краінам, якія дагэтуль вераць, што Расія імкнецца да перамоваў", цытуе Hromadske спікера Міністэрства замежных спраў Украіны Алега Нікаленку. Прадстаўнік украінскага МЗС таксама адзначыў, што расійскую агрэсію можна спыніць толькі сістэмамі СПА, танкамі і РСЗА.

Да сітуацыі на фронце. У Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны мяркуюць, што расійскія войскі адчуваюць сябе ў небяспецы і ва Усходняй Херсонскай вобласці, куды адышлі пасля здачы Херсона. Расіяне абсталююць там абарончыя пазіцыі, але УСУ іх абстрэльваюць.

"Абмежаваную колькасць высакаякасных аўтамабільных дарог і чыгунак у гэтай вобласці,  якія звязваюць, у прыватнасці, Крым з мацерыком, стварае патэнцыйныя вузкія месцы", — адзначаюць эксперты. Удары па самым" вузкім месцы " расіян — лагістыцы — вядзе да таго, што расіянам стане складаней забяспечваць сваю групоўку і ва ўсходняй частцы Херсонскай вобласці. Гэта тактыку ўкраінцы ўжывалі падчас наступальнай аперацыі на поўдні ў канцы жніўня-сярэдзіне кастрычніка. Кульмінацыяй гэтай аперацыі, нагадаем, стаў адыход расіян з Херсона.

"Украінскім сілам, верагодна, будзе цяжэй дамагчыся такіх драматычных вынікаў ва ўсходняй частцы Херсона, але, магчыма, ім удасца сарваць расійскія намаганні па ўмацаванні і ўтрыманню сваіх новых абарончых рубяжоў", — лічаць у Інстытуце.

У Данецкай вобласці расіяне працягваюць наземныя атакі вакол Бахмута і Аўдзееўкі. А ўкраінскія войскі, па дадзеных расійскіх крыніц, праводзяць контрнаступальные аперацыі ўздоўж лініі Сватава-Крэменная ў Луганскай вобласці.

Карта баёў у Данецкай вобласці 17 лістапада 2022 года / understandingwar.org

Тым часам МАГАТЭ не знайшло ва Украіне слядоў "бруднай бомбы". Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Савета кіраўнікоў МАГАТЭ. У сувязі з гэтым агенцтва заклікала Расію вывесці вайскоўцаў з тэрыторыі Запарожскай АЭС. Супраць рэзалюцыі прагаласавалі Расія і Кітай, устрымаліся ад галасавання Індыя, Пакістан, В'етнам, Саудаўская Аравія, Кенія, ПАР і Намібія.

На днях гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі казаў пра "вельмі трывожнае развіцце падзей" ва Украіне. Паводле яго ацэнак, з рызыкамі бяспекі сутыкаюцца ўсе ядзерныя аб'екты Украіны, а не толькі захопленая ЗАЭС. Нагадаем, пасля масіраванага ракетнага ўдару расійскіх войскаў ва Украіне 15 лістапада былі пашкоджаныя лініі электраперадач на Хмяльніцкай і Ровенскай АЭС. У выніку на гэтых станцыях адключыліся некалькі атамных блокаў.

Брытанскі мастак Бэнксі, які ў лістападзе пабываў ва Украіне, паказаў, як ствараў свае працы. Яго графіці з'явіліся ў некалькіх гарадах, якія пацярпелі ад расійскіх абстрэлаў. Відэа мастак апублікаваў у сацсетках.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі