Фуры / V. Raupelio / LRT
Ад пачатку мінулага тыдня да раніцы 30 сакавіка праз памежныя пункты Мядзінінкай і Шальчынінкай у Літву з Беларусі вярнуўся 331 раней затрыманы грузавік. Праз Мядзінінкай вярнулася 190 грузавікоў, праз Шальчынінкай — 141.
"Колькі яшчэ літоўскіх грузавікоў вяртаецца, сказаць складана, але іх нямала: прыкладна кожны пяты-шосты грузавік, які ўязджае ў Літву, — гэта менавіта вызвалены са стаянак", — перадае LRT словы прадстаўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедруса Мішуціса.
Ён дадае, што пры гэтым растуць і чэргі на мяжы: "Чэргі такія ж, як і ў апошнія дні. На памежным пункце Мядзінінкай сёння раніцай грузавікам давялося б чакаць пяць гадзін, на Шальчынінкай – дзве гадзіны, але ўсе яны стаяць на пляцоўцы чакання, а не на дарозе. З боку Беларусі, наколькі нам вядома, таксама ёсць чэргі".
Большасць кіроўцаў затрыманых грузавікоў — грамадзяне Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Літве (294 чалавекі). Але ёсць і грамадзяне Літвы — 30 чалавек, кажа прадстаўнік літоўскіх памежнікаў. Акрамя таго, ёсць палякі, казахі, латыш, расіяне — па адным-два чалавекі.
Фуры з літоўскімі нумарамі былі затрыманыя ў Беларусі пры канцы канстрычніка 2025 года. Яны правялі на спецстаянках чатыры месяцы. Вяртаць у Літву іх сталі толькі пасля перамоваў Лукашэнкі са спецпрадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.
Мытны камітэт Беларусі паведамляў, што ў краіне было затрымана больш за 1900 грузавікоў і паўпрычэпаў. За кожную машыну мінскі рэжым патрабуе каля 6000 еўра — у аплату часу, праведзенага на спецстаянцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут