У Літву вярнуліся першыя фуры, затрыманыя ў Беларусі

24/03/2026 - 09:44

Вяртанне літоўскіх грузавікоў / BNS

Першыя грузавыя аўтамабілі з ліку затрыманых у Беларусі вярнуліся ў Літву.

Як паведамляе BNS са словаў прадстаўніка памежнай службы Літвы Гедруса Мішуціса, першыя фуры перасеклі літоўскую мяжу каля 5-й гадзіны раніцы праз памежныя пераходы Мядзінінкай і Шальчынінкай.

"Першыя перасеклі адзін памежны пункт каля 4:45 раніцы, другі — пасля 5-й раніцы, але ўсё адбываецца ў гэты момант, таму канкрэтных лічбаў пакуль няма", — дадаў прадстаўнік памежнікаў.

Пра тое, што Лукашэнка дазволіў выпусціць затрыманыя фуры з літоўскімі нумарамі, стала вядома ў панядзелак, 23 сакавіка. Грузавікам з літоўскімі нумарамі, але з фактычнымі польскімі ўласнікамі, дазволілі выехаць праз беларуска-польскую мяжу. Паведамлялася, што пакінуць Беларусь змогуць больш за 1900 грузавікоў і паўпрычэпаў.

Беларускі бок удакладніў, што кампаніі спярша абавязаныя заплаціць за чатыры месяцы, якія аўтамабілі знаходзіліся на спецстаянках. Пры гэтым Мытны камітэт Беларусі ўдакладніў, што расцэнкі будуць у разы ніжэйшыя за выстаўленыя раней 120 еўра за суткі.

У літоўскай Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозчыкаў "Лінава" асцерагаюцца, што перавозчыкі не змогуць вярнуць вялікую частку фур. Прычына — высокія стаўкі аплаты. У "Лінаве" кажуць, што сярэдняя еўрапейская плата за дзень стаянкі складае 15 еўра, а афіцыйны Мінск патрабуе 47 еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі