У Літве кажуць пра "збоі ў ажыццяўленні мытнага кантролю" на мяжы з РБ

20/03/2023 - 08:56
У лютым Літва спыніла ўзаемадзеянне з Беларуссю па забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу / @gpkgovby

Затрымкі ў пропуску транспарту ў ПП Мядзінінкаі (Каменны Лог) будуць як мінімум да канца траўня. Пра гэта папярэдзілі ў прэс-службе мытні Літоўскай Рэспублікі. У пункце пропуску працягваецца рэканструкцыя, а ў гэты перыяд будуць асфальтаваць дарожнае палатно. У сувязі з гэтым "магчымыя часовыя збоі ў ажыццяўленні мытнага кантролю". Гэтыя работы будуць весціся да канца траўня.

У іншых пунктах пропуску на беларуска-літоўскай мяжы рамонтных работ няма, але, паводле назіранняў беларускіх памежнікаў, затрымкі ў пропуску транспарту здараюцца і там. Сёння беларускія памежнікі зноў заявілі, што "затрымкі ў афармленні вялікагрузаў фіксаваліся ў літоўскіх пунктах пропуску Мядзінінкай (Каменны Лог), Лаварышкес (Катлоўка), Шальчынінкай (Бенянконі), Райгардас (Прывалка) і польскім — Кукурыкі (Казловічы). Літоўскі бок прапусціў на сваю тэрыторыю ўсяго 34% фураў ад нормы, польскі — 55%".

Нагадаем, у лютым Літва спыніла ўзаемадзеянне з Беларуссю па забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі