У Казахстане абвясцілі дзень жалобы па ахвярах COVID-19

09/07/2020 - 09:33
Прыспушчаны сцяг Казахстана / Almaty.tv

13 ліпеня абвешчаны ў Казахстане днём жалобы па ахвярах каранавіруса, паведамляе выданне Vласть. Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў:

"Эпідэмія забрала жыцці выбітных людзей. Я выказваю спачуванні ўсім тым, хто страціў блізкіх. Таму 13 ліпеня абвяшчаю днём нацыянальнай жалобы".

Кіраўнік Казахстана выказаў спачуванні родным і блізкім памерлых і сказаў, што смерці ад COVID-19 — гэта агульная трагедыя для ўсіх грамадзян краіны.

Па афіцыйных дадзеных, на 6 ліпеня ад каранавіруса ў Казахстане памерлі 264 чалавекі. Мінздароўя паведамляла, што яшчэ 101 пацыент з каранавірусам памёр ад іншых хвароб. 628 чалавек памерлі ад пнеўманіі толькі ў чэрвені.

У Беларусі на дзяржаўным узроўні спачуванні родным ахвяр каранавіруса гучалі некалькі разоў з вуснаў намесніцы міністра аховы здароўя Алены Богдан.

Гэта здарылася пасля з'яўлення роліка "Настоящего времени" пра тое, як пра COVID-19 і пра смерці ад інфекцыі кажуць медыцынскія чыноўнікі Беларусі і Іспаніі.

Аляксандр Лукашэнка ў пачатку эпідэміі называў каранавірус выключна псіхозам і быў вельмі незадаволены тым, што праз першых чатырох загінулых у прэсе "шуміху паднялі". А потым Лукашэнка нечакана выказаўся пра адну з ахвяраў COVID-19:

"Я спытаўся ўчора ў Шарстнёва [Мікалай Шарстнёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама. — Еўрарадыё] з нагоды апошняга выпадку смерці. Ён сказаў: "А як можна жыць? 135 кг вагі!" Сэрца амаль не працуе, гэта баліць, тое баліць, цэлы букет хвароб. Вірус атакуе слабых, у якіх няма імунітэту".

Беларусаў вельмі абразіла такая рэакцыя Лукашэнкі, і яны запусцілі флэшмоб: што скажа кіраўнік краіны пра іх, калі яны стануць ахвярамі каранавіруса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі