У Італіі расійскія шпіёны шукалі беларусаў для дыверсій

17/09/2026 - 17:07

Расійская сетка ў Італіі / ilriformista.it

У Італіі выкрылі сетку расійскіх агентаў, якія працавалі ў амбасадах у Італіі і Ватыкане, піша італьянскае выданне Il Riformista.

Ключавымі асобамі сеткі выданне называе ваенна-марскога аташэ амбасады ў Рыме Івана Гарбачова і ягонага намесніка Міхаіла Астахава, звязаных з ГРУ. Абодвух выслалі з Італіі сёлета 9 ліпеня пасля расследавання рымскай пракуратуры па справе перадачы канфідэнцыйнай інфармацыі Расіі. Следства выявіла, што інфармацыю перадавалі два былыя супрацоўнікі італьянскай разведкі, якіх арыштавалі.

Таксама ў шпіёнскую сетку ўваходзілі дарадцы амбасады Ігар Анікееў і Ігар Авечкін, звязаныя з ФСБ. Яны збіралі і аналізавалі інфармацыю пра італьянскія дзяржаўныя структуры, надаючы асаблівую ўвагу вайсковым і тэхналагічным сістэмам, звязаным з NATO.

Уваходзілі ў сетку другі і трэці сакратары расійскай амбасады Антон Дзёмін і Дзмітрый Маразенкаў— іх звязваюць са Службай знешняй разведкі і ГРУ.

Паведамляецца, што агенты спрабавалі вербаваць грамадзян Беларусі ды іншых краін Усходняй Еўропы для дыверсій супраць вайсковай або грамадзянскай інфраструктуры.

Днямі стала вядома, што Злучаныя Штаты выкрылі расійскую шпіёнскую сетку, якая рыхтавала забойствы расійскіх палітэмігрантаў і дыверсіі ў краінах Еўропы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі