Месца выбуху ў Херсоне / Фота з сацсетак
У Херсоне, які знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў, адбыўся выбух, паведамляюць СМІ і мясцовыя тэлеграм-каналы. Паводле звестак аднаго з паблікаў, эпіцэнтрам быў аўтамабіль. Адзін чалавек загінуў.
Гібель чалавека пацвердзілі і агенцтву ТАСС у ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Херсонскай вобласці.
"Інфармацыю пра выбух пацвярджаем. Цяпер група выехала на месца, разбіраюцца. Звестак ніякіх. Пакуль, паводле папярэдняй інфармацыі, загінуў адзін чалавек", — сказаў суразмоўца агенцтва. Пазней там заявілі, што выбух быў мэтанакіраваным замахам на супрацоўніка адміністрацыі.
"Акрамя яго, папярэдне, пацярпелых больш няма, толькі ён адзін загінуў", — заявілі ў прэс-службе.
Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулы — Дзмітрый Саўлучэнка, адзін з чыноўнікаў новай адміністрацыі, якую прызначыў расійскі бок. Ён уваходзіў у моладзевую арганізацыю "Новая Русь" і быў прарасійскім актывістам, з прыходам расіянаў заняў пасаду кіраўніка ўпраўлення сям'і, моладзі і спорту ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Херсонскай вобласці.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў Херсоне ўзарвалі аўтамабіль начальніка Паўночнай папраўчай калоніі №90 Яўгена Собалева, які перайшоў на бок расіянаў. Мужчына тады выжыў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут