У Гродне судзяць падлетка, які "замініраваў" гімназію

04/07/2019 - 16:24

У Гродне судзяць 17-гадовага падлетка, які "замініраваў" гімназію, дзе навучаўся. Як піша "Вечерний Гродно", гэта здарылася сёлета 30 студзеня. Хлопец напісаў Вконтакте дзяўчынцы з паралельнага класа, быццам на тэрыторыі навучальнай установы закладзеныя чатыры бомбы. З будынка эвакуявалі болей за 700 чалавек, але выбухоўку не знайшлі.

У судзе замест абвінавачанага выступае яго законная прадстаўніца — маці. Сведкамі праходзяць некалькі навучэнак гімназіі, педагог-псіхолаг і дырэктар.

Хлопца характарызуюць як дысцыплінаванага, спакойнага, крыху замкнёнага, але з даволі высокім інтэлектам. На ўліку ў міліцыі і ў псіхіятра-нарколага ён не стаяў. Яго сям'я не належыць да праблемных.

Паводле маці абвінавачанага, сын не меў злога намеру і хацеў проста пажартаваць. Дзяўчынкі, якім ён напісаў пра бомбу, спалохаліся і пайшлі да школьнага псіхолага. Тая паведаміла дырэктару, а кіраўніца ўжо выклікала міліцыю.

Раней хлопец сыходзіў з дома, яго знаходзілі ў Маскве, куды ён паехаў зарабляць грошы.

Пасля інцыдэнту ў гімназіі судова-псіхіятрычная экспертыза прызнала, што падлетак не ўсведамляў сваіх дзеянняў. Аднак у стацыянарным лекаванні ён патрэбы не мае, дастаткова амбулаторнага.

Разгляд справы працягнецца заўтра, 5 ліпеня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі