У Гродне ад менінгіту памёр 18-гадовы студэнт

25/10/2019 - 08:54

У Гродне ад менінгіту памёр 18-гадовы студэнт фізіка-тэхнічнага факультэта дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Як інфармуе "Гродзенская праўда", трагічнае здарэнне адбылося ўдзень 24 кастрычніка. Хлопца прывезлі ў бальніцу ў цяжкім стане септычнага шоку. Рэанімацыйныя мерапрыемствы працягваліся каля гадзіны, але не далі выніку.

Экспертыза яшчэ праводзіцца, але ўжо цяпер спецыялісты падазраюць маланкавую форму менінгакокавай інфекцыі. Гэта вельмі рэдкі выпадак (на працягу пяці апошніх гадоў у Гродзенскай абласной інфекцыйнай бальніцы такога не было). Пры гэтай форме інфекцыі верагоднасць смерці складае 80%. Яна можа наступіць ужо праз некалькі гадзін.

Як стала вядома, у сераду студэнт быў на трэніроўцы, гуляў у баскетбол. Калі вярнуўся дахаты, паскардзіўся на кепскае самаадчуванне, у яго паднялася тэмпература. Яму выклікалі хуткую, медыкі "правялі неабходныя мерапрыемствы", стан хлопца стабілізаваўся. Раніцай яму стала горш. Сястра выклікала хуткую, і яго забралі ў бальніцу.

Радыё Свабода паведамляе, што ў Гродна тэрмінова выехаў галоўны спецыяліст па інфекцыйных хваробах Мінздароўя Ігар Карпаў. У міністэрстве прызнаюць, што пасля смерці студэнта былі для абследавання шпіталізаваныя некалькі чалавек.

Летась ад вострай формы менінгіту ў нашай краіне памерлі 6 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі