Кніга Скарыны, знойдзеная ў нямецкай бібліятэцы / journals.vu.lt
Кніга, выдадзеная Францішкам Скарынам у 1522 годзе, знайшлася ў бібліятэцы герцагіні Анны Амаліі ў нямецкім Веймары. Гэты асобнік Псалтыра, як мяркуецца, з'яўляецца часткай "Малой падарожнай кніжкі". Артыкул даследчыцы Вольгі Шутавай пра гэтае выданне з'явіўся ў літоўскім навуковым часопісе Slavistica Vilnensis.
Дагэтуль даследчыкі не ведалі пра існаванне веймарскага асобніка скарынаўскага Псалтыра. Як піша Шутава, на сёння ў Заходняй Еўропе вядомыя толькі чатыры падобныя захаваныя асобнікі: два зберагаюцца ў Вялікабрытаніі, па адным — у Даніі і Славеніі.
Яна адзначае добрую захаванасць выдання, хаця кніга пацярпела ад вады пасля пажару ў бібліятэцы ў 2004 годзе. А ў 2009 годзе выданне прайшло рэстаўрацыю.
Зверху на вокладцы загалоўнымі літарамі выцеснена "PSALTERZ". Эксперты бібліятэкі мяркуюць, што пераплёт можа быць прыблізна датаваны XVI стагоддзем. На абароце верхняй частцы вокладкі справа ўверсе алоўкам напісана "Psalter Slavon", злева тым жа почыркам — "Polotzk" (гэты надпіс закрэслены).
Мяркуецца, што гэты асобнік Псалтыра быў набыты бібліятэкай да 1817 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут