"У дзяцей дрэнны апетыт". Загадчыцу склада дзіцячага летніка злавілі на крадзяжы

08/06/2018 - 10:26

Супрацоўнікі УУС Мінскага аблвыканкама зладзілі рэйд па дзіцячых летніках вобласці. За першыя два дні яны выявілі чатыры факты крадзяжоў прадуктаў з летнікаў. Ва ўсіх выпадках фігурантамі былі работнікі харчблокаў, паведамляе прэс-служба мінскай абласной міліцыі.

На Валожыншчыне затрымалі кухонную рабочую. У жанчыны знайшлі цэлы набор прадуктаў з дзіцячай сталовай — мяса, свежамарожаны хек, восем слоікаў кансерваванага гарошку, разынкі, свежыя гародніна і садавіна. Міліцыянтам яна прызналася, што пайшла на працу, маючы на мэце магчымасць узбагаціць уласны халадзільнік. Жанчына дадала, што нічога страшнага не адбылося, бо дзецям усё адно хапае...

У Маладзечанскім раёне міліцыянты затрымалі загадчыцу склада аднаго з летнікаў. Жанчыну заспелі з торбамі ў руках. Там быў цэлы бакалейны набор. Свае паводзіны затрыманая патлумачыла тым, што ў дзяцей дрэнны апетыт.

Намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Андрэй Амбражэй кажа, што падчас рэйдаў міліцыянты пачынаюць менавіта з пытання пра апетыт. Калі дзеці кажуць, што ў сталовай кормяць не вельмі смачна або ежы не хапае, гэта нагода ўважлівей пазнаёміцца ​​з арганізацыяй харчавання і прыгледзецца да кухонных работнікаў. 

На тэрыторыі Мінскай вобласці сёння працуюць 56 дзіцячых аздараўленчых летнікаў, у якіх адпачываюць больш за 13 тысяч дзяцей. 

Фота: uvd-mo.gov.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі