У Быхаве судзілі жанчыну, якая ў будынку РАУС ударыла нагой міліцыянера

27/04/2023 - 16:09
За "гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" / Ілюстрацыйнае фота zviazda.by

У Быхаве судзілі жанчыну, якая ў будынку РАУС ударыла нагой міліцыянера. Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці, 22 снежня мінулага года мясцовая жыхарка са свайго мабільнага тэлефона патэлефанавала быхаўскім ратавальнікам і паведаміла "заведама лжывую інфармацыю аб падрыхтоўцы выбуху" (дзе менавіта, не ўдакладняецца). Адзначаецца, што ў той момант яна была нецвярозая. У той жа дзень яе знайшлі і выклікалі ў міліцыю.

У фае будынка РАУС жанчына з нейкай прычыны ўдарыла памочніка дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы. У судзе яна прызнала сваю віну і папрасіла прабачэння ў пацярпелага. За "заведама лжывае паведамленне аб падрыхтоўцы выбуху", а таксама "гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" жанчыну асудзілі на адзін год і два месяцы калоніі агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон канфіскавалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі