У Брэсце памёр архітэктар, рэстаўратар, краязнаўца Мікалай Уласюк-старэйшы

25/04/2024 - 18:46

Мікалай Уласюк / vb.by

У Брэсце памёр архітэктар, рэстаўратар, краязнаўца Мікалай Уласюк-старэйшы. Яму было 65 гадоў. Сумную навіну паведаміў яго сябар.

Мікалай Уласюк, працуючы выкладчыкам у БрДТУ, выгадаваў у Брэсце не адно пакаленне архітэктараў-рэстаўратараў, і яго любілі студэнты. Ягоны сын — таксама Мікалай Уласюк — цяпер галоўны архітэктар Брэста.

І калі сын, пра якога казалі, што ён таленавіты спецыяліст, абраў чыноўніцкую працу, то Уласюк-старэйшы ўпарта трымаўся паклікання і аддаў сябе практыцы — працаваў у "Брэстрэстаўрацыяпраект" з дня заснавання.

Ён даследаваў архітэктурную гісторыю Брэста, выдаваў кнігі, у вольны час праводзіў аматарскія экскурсіі па Трышынскіх могілках. Мікалай Уласюк працаваў над тым, каб гэтаму некропалю надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (статус надалі ў 2016-м). У канцы 2023-га ён распавядаў, што чарговая яго кніга прысвячаецца менавіта Трышыну. Ці дапрацаваў ён яе — невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі